ссылка на интересную статью
http://pawet.narod.ru/book/other/rakicki/skarby.html
Клады
Сообщений 1 страница 2 из 2
Поделиться12007-11-13 15:46:29
Поделиться22008-01-18 22:55:45
СКАРБЫ
КАЛЕКЦЫЯ ПЯЧАТАК
Размова з Ірынай Колабавай
Мы прызвычаіліся да таго, што на кожным дакумэнце, які мае хоць нейкую вартасьць, абавязкова мусіць стаяць пячатка. Зрэшты, пячатка толькі зьнешне ёсьць нейкім графічным малюнкам, знакам. Гэты графічны знак, які робіць паперку дакумэнтам, можа шмат распавесьці й пра зьмест дакумэнту, і пра тых, хто яго складаў, і пра тых, каму ён адрасуецца. А празь дзесяцігодзьдзі й стагодзьдзі зьмест пячаткі пашыраецца аж да сьведчаньня пра гісторыю краіны й народу. Свой пачатак беларуская пячатка бярэ прыкладна ў X стагодзьдзі, а гэта значыць, што яна мае значную, больш як тысячагадовую гісторыю. Пячатка ёсьць раўналеткай дзяржавы. І яна -- адзін з важных іканаграфічных матэрыялаў дзеля вывучэньня гісторыі гэтай дзяржавы. А ўвогуле, як цьвердзяць навукоўцы, пачынаецца гісторыя пячаткі ў глыбокай старажытнасьці, калі сярод людзей склаўся такі натуральны звычай -- адзначаць уласныя рэчы знакамі. Вось жа гэтыя знакі й сталі прататыпам пячаткі.
-- Дык якімі былі яны, гэтыя знакі?
-- Гэта былі розныя рыскі, крыжыкі, пазьней літары. Яны ставіліся на прыладах працы, прадметах побыту. Паступова такія знакі становяцца сямейнымі й перадаюцца ў спадчыну. Сын, заводзячы сваю сям'ю й атрымаўшы ад бацькі права на самастойнае выкарыстаньне родавага знаку, звычайна дадаваў да Яго дзеля адрозьненьня нейкі дадатковы элемэнт. У Беларусі такія знакі, напрыклад, ставілі на борцях (драўляных калодах для збору мёду). З часам знакі ўласнасьці сталі выразаць на пячатках. Пасьля сьмерці ўладальніка пячатка падлягала зьнішчэньню. У старажытнасьці пячаткі замянялі даверчыя граматы, а паслы й гандляры вазілі іх з сабой дзеля пацьвярджэньня асобы. Пад словам «пячатка» мы разумеем і пячатку-матрыцу, і пячатку-адбітак. Матрыца -- гэта малюнак пячаткі, выразаны на цьвёрдых прадметах (камені, мэтале, косьці, каўчуку). Адбітак -- выява, якая застаецца на паверхні нейкага матар'ялу пасьля ўзьдзеяньня матрыцай.
-- Дзе й калі зьявіліся першыя пячаткі? Якая цывілізацыя іх нарадзіла? Як яны выглядалі?
-- Першыя пячаткі зьявіліся ў краінах Старажытнага Ўсходу -- у Бабілёне, Шумэры, Эгіпце. Пячаткі- матрыцы мелі розныя формы, напрыклад, у старажытным Эгіпце сустракаліся цыліндрычныя матрыцы, якія пракатваліся па мяккай паверхні глінянай таблічкі, пакідаючы адбітак. У антычны пэрыяд выкарыстоўваліся пячаткі-пярсьцёнкі, якія мелі ўстаўку ў выглядзе гемы -- выявы, выразанай на паверхні паўкаштоўнага каменя. Папулярныя на тэрыторыі Беларусі ў больш позьні час падобныя пячаткі-пярсьцёнкі атрымалі назву сыгнэтаў. Магнаты звычайна мелі некалькі пячатак, якія выкарыстоўваліся ў залежнасьці ад характару дакумэнту. Ніколі беларускія магнаты не выпраўляліся ў падарожжы безь пячатак:
...у пераліку дарожных рэчаў Дамініка Радзівіла ў 1793 годзе фігуруе -- сыгнэт залаты з гербам яго- най міласьці, выразаным на камені; пярсьцёнак у золата апраўлены малы з гербам і двума дыямэнтамі; тры вялікіх залатых сыгнэты з гербамі; пячаткі тапазавыя з гербамі, аздобленыя ў серабро -- тры; малая пячатка ў серабро апраўленая; малая залатая пячатка з адным каралём і разэткамі; пячатка срэбраная з гербам Дому; пячатка срэбраная з каменем, на якім выразаныя выявы Адама й Евы.
Захоўваліся пячаткі-матрыцы ў адмысловых драўляных скрынях, абкладзеных унутры аксамітам ці атлясам. Асоба, адказная за захаваньне пячаткі ва ўстановах, магла падчас працы насіць яе на шыі на шоўкавым шнурку ці трымаць ў саф'янавым мяшэчку.
-- З чаго выраблялі старадаўнія пячаткі й ці адрозьніваліся яны ад сучасных?
-- Старадаўнія пячаткі зьнешне вельмі значна адрозьніваліся ад сучасных і тым, як мацаваліся да дакумэнту, і паводле матар'ялу, зь якога іх выраблялі, і формай таксама, і колерам. Так, у сярэднявечнай Беларусі паводле спосабу прымацаваньня да дакумэнту пячаткі падзяляліся на прывесістыя й прыкладзеныя. Прывесістыя пячаткі панавалі да XV стагодзьдзя. Яны прывешваліся ўнізе да дакумэнту на шнурку, які прасоўвалі празь дзірачкі на паперы. Матрыцамі для вырабу прывесістых пячатак служылі спэцыяльныя, падобныя на абцугі, прылады -- булацірыі, на канцах якіх былі выразаныя пэўныя выявы. Загатоўка з воску для будучай пячаткі накладалася на перакрыжаваныя канцы шнурка й прыціскалася булацірыямі. Атрымлівалася двухбаковая пячатка, якая гойдалася на шнурку. Прывесістыя пячаткі былі нават мэталёвымі, але пераважна зь мяккіх мэталаў -- сьвінца, срэбра ці золата.
-- А ці мяняліся пячаткі з разьвіцьцём тэхналёгіяў?
-- Натуральна. У тым жа XV стагодзьдзі пачынаюць пашырацца больш практычныя прыкладзеныя пячаткі. Прыладай для вырабу прыкладзеных пячатак служыла выява, выразаная на пласьціне зь цьвёрдага матар'ялу -- каменя, мэталу, рогу, пазьней стаў выкарыстоўвацца каўчук. Яна прымацоўвалася да ручака, на якім часам ставілі спэцыяльныя рыскі, каб бачыць верх пячаткі, таму што было б вялікай зьнявагай адбіць на дакумэнце перакуленую выяву. Матрыцы для прыкладзеных пячатак маглі рабіць са срэбра й залаціць. Прыкладзеныя пячаткі-адбіткі былі аб'ёмнымі, таму што матар'ялам для іх служылі воск, васковая мастыка, сумесь мукі й крухмалу, хлебны мякіш, смала. Выкарыстоўваўся таксама сургуч (дарэчы, той самы, на якім ставяць пячаткі й сёньня на беларускіх паштовых пасылках). Існавалі й курадымныя, і цісьнёныя пячаткі. Са зьяўленьнем каўчукавых штэмпэляў матар'ялам для адбіткаў стала вадкая мастыка.
-- Ці існавалі нейкія патрабаваньні да формы пячатак і іхнага колеру?
-- Пячаткі мелі самую разнастайную форму -- круглую, авальную, трох-, чатырох- і шматкутную. Дыямэтар пячатак у розны час вагаўся прыкладна ад двух да чатырох сантымэтраў. Што да колеру, дык пячаткі былі як натуральнага колеру, гэтак і шматкаляровыя. У воск, напрыклад, маглі дадаваць розныя фарбы, якія надавалі пячатцы чырвоны, чорны, зялёны, блакітны, карычневы колеры. Склалася пэўная традыцыя, што чырвоны колер выкарыстоўваўся вялікакняскай уладай, цэнтральнымі дзяржаўнымі ўстановамі, магнатамі; зялёны -- гарадзкімі органамі кіраваньня; чорны -- духавенствам; натуральны колер воску -- прыватнымі незаможнымі асобамі. Але гэтая традыцыя ня мела абавязковага характару.
-- Пячаткі, зробленыя з такога мяккага матар'ялу, як воск ці васковая мастыка, не маглі доўгі час захоўвацца ў добрым стане. Што рабілася дзеля захаваньня іхнага выгляду й даўгавечнасьці?
-- Дзеля гэтага была прыдуманая такая рэч, як кустодзея. Назва паходзіць ад лацінскага `сustos' -- ахова, варта. Кустодзея -- гэта маленькі кавалак тонкай паперы рознай формы, якім пакрывалася васковая загатоўка перад націскам пячаткай-матрыцай. Папера, уціснутая ў воск, практычна не пагаршала выгляду выявы й спрыяла павышэньню трываласьці пячаткі-адбітка. Часам ролю кустодзеі адыгрываў загорнуты ўнізе аркуш дакумэнту, кустодзея магла быць прыклееная толькі зь левага боку пячаткі й трэба было адгарнуць яе, каб пабачыць саму пячатку. У адпаведнасьці са своеасаблівай модай, якая існавала ў Беларусі, па краі кустодзея магла быць упрыгожана ажурнымі карункамі з рознымі ўзорамі.
-- Хто ў старавечнай Беларусі вырабляў пячаткі, дзе вучыліся гэтаму?
-- Выраблялі пячаткі майстры залатой і срэбранай справы. Працэс быў дастаткова складаны, і трэба было мець ня толькі досьвед, але й пэўны талент. У адпаведнасьці з цэхавымі статутамі майстры рыхтавалі вучняў, якія працягвалі агульную справу. Паводле статуту менскага цэху злотнікаў 1615 году, на іспыце на званьне майстра ад вучня патрабавалася вырабіць «пячатку вялікую зь літарамі, выразанымі навакол, са шчытом і шлемам уверсе». Падобныя ўмовы замацоўвалі, напрыклад, і статуты наваградзкага й магілёўскага цэхаў злотнікаў. Як сьведчаць дакумэнты, у трэцяй чвэрці XVІІ стагодзьдзя ў Маскве працавала група беларускіх срэбнікаў зь Віцебску, Полацку й іншых гарадоў. Некаторыя займаліся нават рэзкай расейскіх дзяржаўных пячатак. Так, майстар Багдан Ісакаў, атрымаў «полдва фунта срэбра, зь якога вырабіў дзьве пячаткі», за што быў аддзячаны 5 рублямі й «сукном ангельскім добрым». Дзяржаўныя пячаткі рэзаў і Хведар Мікулаеў, які атрымаў «сукно кармазіну». А сьведчыць гэта пра тое, што старадаўняяБеларусь мела выдатных майстроў гэтай справы, якія былі запатрабаваныя й за мяжой.
-- Ці можна сьцьвярджаць,што беларусы цягам стагодзьдзяў стварылі сваю адметную калекцыю пячатак?
-- Так. Ва ўсе часы беларусы мелі выдатных майстроў, якія рабілі вельмі цікавыя пячаткі-матрыцы. Зробленыя імі пячаткi, калі б была магчымасьць іх сабраць разам, сталіся б унікальнай калекцыяй, якая мае ўсе падставы называцца калекцыяй уласнабеларускай. І гэтая ў шырокім сэнсе беларуская калекцыя складаецца з калекцыяў, якія захоўваюцца ў асобных музэях, але, на жаль, ня толькі ў беларускіх. Дзякуй Богу, што збольшага мы ведаем, у якіх. Бадай, самая вялікая калекцыя тая, што выстаўлялася ў Віленскім музэі старажытнасьцяў, адкрытым у 1856 годзе. У яе ўваходзілі больш за 450 прыватных і гарадзкіх пячатак. Гэтую калекцыю перадалі ў музэй вядомыя беларускія навукоўцы Канстанцін і Яўстах Тышкевічы. Пасьля паўстаньня 1863 году музэй быў расфармаваны, і сфрагістычная калекцыя паступіла ў маскоўскі Румянцаўскі музэй. Цікавая калекцыя пячатак існавала і ў Менскім царкоўна-археалягічным музэі, але ў час Першай усясьветнай вайны фонды музэю перавезьлі ў Пецярбург, і цяпер у Эрмітажы, мабыць, з гэтай калекцыі, знаходзяцца пячатка XІX стагодзьдзя менскага дваранскага сходу, шэсьць пячатак часу паўстаньня Кастуся Каліноўскага й восем выразаных з агату гербавых пячатак гетмана Вялікага Княства Літоўскага Міхала Агінскага. Больш за сто пячатак меў у сваёй калекцыі Віленскі беларускі гістарычна-этнаграфічны музэй імя Івана Луцкевіча, адкрыты ў 1921 годзе. Што тычыцца Беларусі, дык на наш час сфрагістычныя калекцыі захоўваюцца ў Нацыянальным музэі гісторыі й культуры і ў абласных музэях краіны.
-- Ці можна вызначыць нейкія характэрныя прыкметы старажытных узораў беларускай пячаткі?
-- Перадусім адзначу, што выгляд беларускай пячаткі фармаваўся пад уплывам бізантыйскіх сфрагістычных традыцыяў. Напрыклад, запісанае кірыліцай грэцкае гучаньне легендаў (надпісаў), прынцыпы складаньня кампазыцыі -- як правіла, была выява сьвятога патрона ўладальніка пячаткі. Цікавы асобнік быў знойдзены падчас археалягічных раскопак расейскага Ноўгараду ў 1953 годзе. Ён з групы прывесістых пячатак. Гэта самая старажытная зь вядомых нам беларускіх пячатак. Яна належала ў канцы Х стагодзьдзя полацкаму князю Ізяславу Ўладзімеравічу. Пячатка са сьвінца, на адным баку ейным княжацкі знак у выглядзе трызубца, а вакол выявы легенда -- напісанае кірыліцай грэцкае гучаньне імя князя «Ізяс[лав]ос», на адвароце -- рэшткі нейкага іншага надпісу.
-- Пячатку знайшлі ў Ноўгарадзе. Яна засьведчыла стасункі паміж полацкай і ноўгарадзкай дзяржавамі?
-- І не адна яна была знойдзеная ў Ноўгарадзе з тых, што датаваліся X--XІV стагодзьдзямі. Аналягічныя пячаткі знаходзіліся й на тэрыторыях іншых суседніх дзяржаваў. Яны ёсьць доказам шырокіх міждзяржаўных кантактаў беларускіх зямель у розны час. У 1906 годзе ў Ноўгарадзе знайшлі пячатку, выкана- ную ў стылі ХІІ стагодзьдзя з выявамі сьвятога Георгія й сьвятой Сафіі. Уладальніка пячаткі вызначыць тады не змаглі. Але калі ў 1962 годзе пры археалягічных раскопках на тэрыторыі Латвіі старажытнага Кукенойсу была знойдзеная другая такая ж пячатка, навукоўцы зрабілі выснову, што выявы сьвятых на гэтых дзьвюх пячатках былі аналягічныя выявам сьвятых патронаў бацькоў Эўфрасіньні Полацкай на ейным знакамітым крыжы. Уладальніцай знойдзеных пячатак была названая ейная маці -- полацкая княгіня Сафія. І царква ўвогуле, і духоўныя асобы ў прыватнасьці, мелі свае пячаткі. Так, у 1968 годзе таксама ў Ноўгарадзе знайшлі надзвычай цікавую пячатку, якая належала самой Эўфрасіньні Полацкай. На адным баку была складаная кампазыцыя на рэлігійную тэму з надпісам «Мэтамарфозы». На другім -- выява асобы ў манаскім капелюшы з надпісам «Господи, помози рабе своей Ефросинии нареченной». Да нашага часу дайшла й група пячатак духоўных асобаў XІІ--XІV стагодзьдзяў. Напрыклад, знойдзеная ў 1909 годзе ва Ўкраіне, на Львоўшчыне, пячатка полацкага япіскапа Міны. А ў 1954 годзе ў Ноўгарадзе адшукалі пячатку полацкага япіскапа Дыянісія. І гэты сьпіс можна працягваць.
-- Ужо напрыканцы XІV стагодзьдзя, калі ў Бела русі пачало пашырацца магдэбурскае права, кожны горад павінен быў мець сваю пячатку. Чым цікавая беларуская гарадзкая пячатка?
-- Пячатка гарадзкіх органаў улады -- значная крыніца дзеля вывучэньня гарадзкой геральдыкі і ўвогуле гісторыі гораду. Пячатка, як і герб, зьяўлялася атрыбутам гарадзкога самакіраваньня. Пры страце яе горад мог нават часткова быць пазбаўлены пэўных прывілеяў. Пячатку вельмі строга захоўвалі. Напрыклад, дакумэнт 1542 году сьведчыць, што гарадзенская гарадзкая пячатка знаходзілася ў гарадзкой ратушы, і адказныя за яе былі войт, бурмістар і райца. Галоўным элемэнтам такіх пячатак становіцца выява гарадзкой эмблемы, якая з часам пераўтвараецца ў гарадзкі герб. Так, на пячатцы Віцебску -- выява Ісуса Хрыста, на пячатцы Горадні -- выява аленя сьвятога Губэрта з залатым крыжам паміж рагоў, на пячатцы Менску -- выява Панны Марыі ў атачэньні анёлаў. Прыватныя пячаткі шырока выкарыстоўвалі й прадстаўнікі розных колаў гарадзкога насельніцтва.
-- Ці ўсім,хто хацеў, дазвалялася мець пячатку? Ці рэгулявала заканадаўства ВКЛ парадак выкарыстаньня пячаткі?
-- На тэрыторыі Беларусі спачатку дзейнічалі вусныя правілы, што склаліся ў працэсе выкарыстаньня пячаткі. Пазьней яны зафіксаваныя ў шэрагу пісьмовых заканадаўчых актаў, якія рэглямэнтавалі парадак афармленьня дакумэнтаў. І, натуральна, ва ўсіх трох рэдакцыях Статуту Вялікага Княства Літоўскага мы знаходзім артыкулы, прысьвечаныя парадку выкарыстаньня пячаткі. Прычым, заўважаецца паступовае -- ад двух да дваццаці васьмі -- павелічэньне колькасьці артыкулаў, якія рэглямэнтавалі выкарыстаньне пячатак. Статуты, напрыклад, вызначалі вельмі жорсткае пакараньне асобаў, якія падраблялі пячаткі й карысталіся фальшывымі дакумэнтамі на сваю карысьць. Вось жа чытаем у Статуце 1588 году:
...Калі б хто лісты нашы або пячаці нашы фальшаваў... нічым іным толькі... агнем каран быці маець.
Вызначалася таксама й плата, прычым немалая, за выдачу завераных пячаткай копіяў дакумэнтаў. Так, кнігі Магілёўскага магістрату за 1713 год адзначаюць выдаткі магістрацкай дэлегацыі пры паездцы ў Варшаву на 6,5 талераў і 1 чырвоны злоты, дадзены сакратару «за прыпячатаньне справаў». Па заканадаўстве Вялікага Княства Літоўскага «пячатарамі» (гэта значыць -- захавальнікамі вялікай і малой дзяржаўных пячатак) былі вышэйшыя адміністрацыйныя асобы, якія ўзначальвалі канцылярыю Вялікага Княства Літоўскага -- канцлер і ягоны намесьнік, падканцлер. Толькі яны мелі права канчатковага зацьвярджэньня дзяржаўнай пячаткай каралеўскіх загадаў.
-- Які лёс напаткаў беларускую пячатку пасьля страты Беларусьсю незалежнасьці?
-- Падзелы Рэчы Паспалітай і акупацыя беларускіх земляў Расейскай імпэрыяй адбіліся й на выглядзе беларускіх пячатак. Напрыклад, паступова лацінскую й польскую мовы легендаў выціскае мова расейская, шэраг заканадаўчых актаў прыводзяць пячаткі да адзінага памеру й аднастайных выяваў. Цікава, што яшчэ да сярэдзіны XІX стагодзьдзя на тэрыторыі Беларусі працягвалася выкарыстаньне пячатак прыватнымі асобамі. Аднак, гэты звычай ня ўпісваўся ў расейскія традыцыі, і ён паступова зьнікае. Агульная рыса сфрагістычных помнікаў пазьнейшага часу -- поўнае зьнікненьне індывідуальнасьці і ўніфікацыя выгляду пячаткі, што адпавядала агульным тэндэнцыям разьвіцьця дзяржаўнага справаводзтва той дзяржавы, часткай якой сталі беларускія землі.
МАНЭТЫ Й ФАЛЬШЫВАМАНЭТЧЫКІ
Размова з Ірынай Колабавай
Наўрад ці ёсьць на сьвеце чалавек, які, хай сабе і ў дзяцінстве, ня марыў знайсьці скарб. Заўсё ды шуканьне скарбаў станавілася тэмай літаратуры, мастацтва. Пра скарбы пісалі антычныя аўтары -- Арыстафан, Пляўт, Ксэнафонт, Плятон, Гарацыюс... Чалавек, які шукае скарб, у мастацтве падаваўся й як рамантык, і як драпежнік. Тэма скарбу заўсёды ёсьць у фальклёры ўсіх народаў. Вось жа й беларусы ў прымаўках кажуць: «Закапаў скарб -- закапаў спакой», «Чужой схоўкі ня хутка знойдзеш», «Заплаціў як чорт за папараць», «Багаты грошы зьбірае, а чорт машну гатуе», «Нашто мне скарб, калі мае дзеці ў лад».
-- А ўвогуле скарбы ў народных паданьнях -- гэта дабро ці зло?
-- Скарбы ў беларускім фальклёры традыцыйна па дзяляюцца на злыя (заклятыя ў час хаваньня) і добрыя. Авалодаць злым скарбам, які мог прынесьці пакуты знаходчыку й ягоным блізкім, -- вельмі цяжкая задача. Акрамя закляцьця, скарбам апекаваліся такія пачвары, як нячысьцікі. Нячысьцікі даглядалі й ахоўвалі скарбы: палявік -- у полі, лясун -- у лесе, багнік -- у балотах, кладавік (самы заможны з усіх) -- на прысядзібным участку. Скарбы ў народных паданьнях -- нешта жывое й можа зьяўляцца на паверхні нечаканым агеньчыкам, у чалавечым выглядзе, сабакам, коткай, пеўнем. Прычым, белая афарбоўка істоты адпавядае срэбру, а жоўтая -- золату. Дапамагчы ў шуканьні скарбу мог выгарак -- абпаленая лучына, кутны зуб вісельніка, васковая сьвечка ля труны памерлага.
-- А як архаічныя людзі здымалі са скарбаў закляцьці?
-- Нэўтралізаваць закляцьці й нячысьцікаў дапамагалі рукапісныя «Траўнікі», «Вызыўныя кнігі» й «Росьпісы». У «Траўніках» апісваліся надзвычайныя ўласьцівасьці папараць-кветкі, плакун-травы, разрыў- травы. «Вызыўныя кнігі» захоўвалі формулы зваротаў да нячыстых сілаў з прапановамі абмену сваёй душы на грошы. «Росьпісы» давалі апісаньні месцаў знаходжаньня скарбаў. Скарбы добрыя адкрываліся людзям добрым. Ахоўвалі месцы іхнага знаходжаньня «дзядзькі»: Дзедзя, Бялун і Купальскі дзядок.
-- Скарбы найчасьцей знаходзяць выпадкова, падчас сельскагаспадарчых ці будаўнічых працаў. А часам скарбы адкрываюць прадстаўнікі флёры й фаўны, прыродныя стыхіі. Якія цікавыя выпадкі знаходжаньня скарбаў былі ў Беларусі?
-- Вось у 1845 годзе ў Барысаве знойдзены скарб манэтаў XVI стагодзьдзя ў птушыным гнязьдзе. У 1888 годзе ў вёсцы Любоўша каля Баранавічаў рымскія манэты І--ІІ стагодзьдзяў выкінуў на паверхню крот. У 1921 годзе ў Слуцку, у 1961-м у Вёсцы Салігорскага раёну, у 1963-м у вёсцы Адрубак Докшыцкага ра- ёну зафіксаваныя выпадкі, калі выварочвалі на паверхню начыньні са старадаўнімі манэтамі сьвіньні. У 1964 годзе ў Касяках Кармянскага раёну дождж вымыў зь зямлі скарб ІХ стагодзьдзя. Часам паказвае на месца скарбу народны погалас. Так, мясцовыя жыхары Ракаўцоў Смаргонскага раёну гаварылі, што пад валуном на тэрыторыі вёскі схаваныя грошы. У 1971 годзе пры будаўнічых працах бульдозэр зрушыў камень, пад якім аказаўся манэтны скарб Х стагодзьдзя.
-- А ўвогуле ці часта ў Беларусі знаходзяць скар- бы? І ці пашыраны ў Беларусі спосаб захоўваньня грошай у куфэрках у розных сховішчах?
-- У Беларусі зафіксавана болей за тысячу выпадкаў знаходжаньня скарбаў. Скарбы -- гэта вельмі пашыраны звычай захоўваньня каштоўнасьцяў. Звычайна скарбы добра запакаваныя ў кавалак скуры, тканіны, бяросты ці нейкае начыньне з накрыўкай. У XVI стагодзьдзі ў беларускім ганчарстве нават сфармавалася асобная галіна вырабу разнастайных паводле аб'ёму й формы скарбонак дзеля захоўваньня грошай. Звычайна скарб знаходзіцца на невялікай глыбіні -- ад 20 да 50 сантымэтраў, гэта, вядома, больш зручна пры пэрыядычным карыстаньні грашыма. Бальшыня скарбаў -- вельмі сьціплыя зьберажэньні, якія маглі належаць прадстаўнікам незаможных колаў, што таксама сьведчыць пра пашыранасьць такога спосабу захоўваньня грошай. Праблема ўласнасьці на скарб знаходзіла адлюстраваньне ў заканадаўчых актах, прыкладам, у другой і трэцяй рэдакцыях Статуту Вялікага Княства Літоўскага.
-- Вельмі часта ў паведамленьнях пра знойдзе- ныя ў Беларусі скарбы ўтрымліваецца інфармацыя,што манэты належаць розным краінам. Чым можна патлумачыць гэткі шматнацыянальны склад скарбаў?
-- Геаграфічнае палажэньне Беларусі, перакрыжа- ваньне на ейных землях шматлікіх гандлёвых шляхоў прыводзіла да шматнацыянальнага складу манэтнага фонду. Вось тыповыя прыклады знойдзеных, як вы кажаце, шматнацыянальных скарбаў. Вёска Дзегцяны Капыльскага раёну, 1957 год. Грашова-рэчавы скарб срэбраных ювэлірных вырабаў і манэтаў, колькасьць -- каля 7 тысяч штук. Скарб пераважна разрабаваны. Захаваліся фрагмэнты 21 упрыгожаньня й 320 манэтаў -- дынары Вугоршчыны, Чэхіі, Даніі, Рэйнлянду, Баварыі, Саксоніі, Турынгіі, Франконіі, Швабіі, Фрысьлян- дыі, Лятарынгіі. Час схаваньня -- каля 1050 году. Горад Магілёў, 1936 год. 470 залатых манэтаў Вэнэцыі, Мадэны, Савоі, Аўстрыі, Карынцыі, Тыролю, Швайцарыі, Вугоршчыны, Трансыльваніі, Чэхіі, Галяндыі, Гальдэрну, Давэнтару, Зэляндыі, Кампэну, Авэрэйсэлу, Утрэхту, Фрызіі, Брабанту, Браўншвайгу, Гамбургу, Зальцбургу, Кёльну, Любэку, Майнцу, Нюрнбэргу, Ростаку, Саксоніі, Франкфурту, Ульму, Штральзунду, Брэслаў, Данцыгу, Торну. Час схаваньня -- пачатак 1690-х гадоў.
-- Ці можна па скарбе меркаваць пра ягонага гаспадара?
-- Можна. Пра сацыяльны статус гаспадара сьведчыць, напрыклад, скарб пачатку ІХ стагодзьдзя каля вёскі Брылі Барысаўскага раёну. У 2000 годзе там быў знойдзены скандынаўскі меч, шыйная грыўна, 10 гірак-разнавагаў і 290 срэбраных манэтаў -- дырхамаў Арабскага Халіфату. Гэта дало падставу меркаваць пра гаспадара як пра вікінга. Разбойніцкая казна з васьмі з паловаю тысяч арабскіх манэтаў была адшуканая ў 1973 годзе каля вёскі Казьянкі Полацкага раёну. У 1979 годзе ля вёскі Вішчын Рагачоўскага раёну знойдзена княжацкая казна з жаночых упрыгожаньняў і грашовых зьліткаў.
-- Зразумела,што як толькі ўзьніклі грошы,дык адразу знайшліся й людзі, якія захацелі й змаглі іх падрабляць. А ці можна казаць пра нейкія краіны, дзе фальшаваньне манэтаў найболей было пашыранае,дзе яно дасягнула высокага ўзроўню? І наколькі гэтае злачынства было характэрнае для старадаўняй Беларусі?
-- Практычна ва ўсіх краінах Эўропы падраблялі манэты. І старадаўняябеларуская дзяржава займала далёка не апошняе месца ў Эўропе ў гэтай крымінальнай справе, як паводле колькаснага, гэтак і паводле якаснага паказчыкаў. Падраблялі значныя й дробныя наміналы. Вось некалькі прыкладаў. Як у скарбах знаходзілі, гэтак і ў пісьмовых крыніцах неаднаразова згадвалі пра фальшывыя шэлегі (мясцовая назва агульнаэўрапейскай дробнай срэбранай манэты -- соліда). У 1682 годзе зьяўляецца ўказ караля Яна ІІІ Сабескага, у якім гаворыцца:
Дайшло да нашага ведама, што шэлежная манэта падрабляецца i як купляючым, так і прадаючым прыносіць настолькі вялікія пакуты, што нярэдка на кірмашах справа даходзіць да праліцьця крыві па віне гэтых шэлегаў, якія нягледзячы на жорсткія законы, патаемна чаканяцца й распаўсюджваюцца.
Вось жа й працытаваны гістарычны дакумэнт пацьвярджае сучасны досьвед: жорсткія законы не заўсёды эфэктыўныя ў змаганьні з такім крыміналам. І фальшывыя шэлегі надалей сустракаліся ў скарбах і тагачасных дакумэнтах, часам такія шэлегі называлі злымі, супрацьпастаўляючы іх манэтам добрым. Прывяду некалькі прыкладаў, як Магілёўскі магістрат у XVII стагодзьдзі змагаўся з падробкай манэтаў. 30 лістапада 1685 году ён выпраўляе ў Воршу свайго прадстаўніка са зьвесткамі пра знойдзеныя падробленыя шэлегі. У лютым 1687 году ўліковыя кнігі Магілёўскага магістрату зноў рэгіструюць знойдзеныя падробленыя шэлегі. Адным са спосабаў папярэджваньня насельніцтва пра фальсыфікаты была дэманстрацыя іх у людных мясьцінах (як правіла, каля ратушы). Падрабляліся, натуральна, ня толькі шэлегі. У дакумэнтах сустракаюцца згадкі аб наяўнасьці на грашовым рынку й іншых падробленых манэтаў. Так, 13 траўня 1690 году ў гарадзкую казну Магілёва паступаюць фальшывыя «пулторакі» (мясцовая назва паўтараграшовікаў). Фальсыфікатары не абышлі ўвагай і самы каштоўны са срэбраных наміналаў -- талер. Гэта было, прыкладам, зафіксавана ва ўліковай кнізе Магілёўскага магістрату за 6 студзеня 1689 году -- сярод атрыманых ад лаўніка Яўхіма Кашэнкі: «талераў бітых 680... знайдавалася паўтара талера бітага фальшаванага» (мабыць, тры манэты на паўталера ці дзьве манэты наміналам талер і яго палову).
-- Ці судзілі фальшываманэтчыкаў? Якія пакараньні за гэты крымінал прадугледжвала заканадаўства?
-- Зноў жа гістарычны прыклад. 26 сьнежня 1755 году была адкрытая судовая справа паводле абвінавачаньня ў фальсыфікацыі манэтаў магілёўца Мацьвея Храмцовіча, які «фальшывыя манэты тынфы з волава й цынку рабіў... а потым у торгу выдаваў на ашуканьне народу паспалітага». Ягоныя браты -- Антон і Пётар, таксама арыштаваныя, прыводзілі словы маці, якая казала малодшаму сыну: «Сынку, лепей у попел амачыўшыся жыць, а таго не чыніць».
-- У тым XVIII стагодзьдзі, на якім мы фіксуем сваю ўвагу, ці падраблялі замежныя грошы? А мо ўжо фальшывыя яны траплялі на беларускія землі з-за мяжы?
-- Папулярная на беларускім грашовым рынку была расейская манэтная медзь (капейка, палова капейкі -- дзенга й чвэрць капейкі -- палушка). Выпадкі ейнай падробкі зафіксаваныя на Гомельшчыне й Магілёўшчыне. 27 студзеня 1711 году ў Пасольскі прыказ Масквы паступіў данос селяніна Маркава аб тым, што ў мястэчках Ветка, Холмічы й вёсцы Ізбынь (маёмасьць гетмана Сапегі на Гомельшчыне) фабрыкуюцца «маскоўскія вараўскія (фальшывыя) дробныя грошы». Аналягічны выпадак зафіксаваны 8 ліпеня 1720 году, калі магілёўскі суд распачынае справу паводле абвінавачаньня месьціча Мацьвея Стэфановіча ў падробцы маскоўскай манэты. Пасьля прылюднага допыту ля слупа на рынку напаленай шынай абвінавачаны паведаміў пра сваіх паплечнікаў -- нейкіх Барыса Пятровіча й Стаську, а таксама пра тое, што медную капейку фабрыкавалі габрэі-магілёўцы, а сам ён вучыўся гэтай справе ў немца ў Шклове сем гадоў таму. Мацьвей спрабаваў апраўдацца, зьвяртаючы ўвагу судзьдзяў на тое, што падробленая манэта выраблялася не пад імем караля Аўгуста ІІ. Гэтыя абставіны зьмянілі першапачатковы вырак -- «зажыва быць спаленым» на адсячэньне галавы. Але фальшываманэтчыка нечакана ўратавалі ксяндзы -- бэрнардыны й кармэліты, якія прарвалі варту й выправілі Мацьвея да свайго кляштару, што наводзіць на думку пра іхнае незаконнае супрацоўніцтва.
-- Фальшаваньне грошай мела інтэрнацыянал ны, міждзяржаўны характар?
-- Так. Вось прыклад. 28 студзеня 1724 году Пецярбурская калегія замежных справаў нават дасылае Аўгусту ІІ пратэст у зьвязку з вырабам у Рэчы Паспалітай медных расейскіх капеек. Гісторыя дакумэнтальна пацьвярджае шматлікія выпадкі падробкі грошай. Пацьвярджаюць гэта й сучасныя археолягі, якія часам на тэрыторыі Беларусі знаходзяць скарбы цалкам з фальшывых манэтаў. Так, у Нумізматычным кабінэце Белдзяржунівэрсытэту захоўваюцца часткі двух дэпазытаў, прадстаўленых фальшывымі манэтамі. Адзін зь іх знойдзены ў 1971 годзе ў Рагачове, другі -- у Полацку ў 1997-м. Гісторыя першага скарбу фальшывых манэтаў зьвязаная з падзеямі польскага паўстаньня 1830--1831 гадоў, падчас якога пастанавілі выпусьціць манэты новага тыпу з выявай герба Рэчы Паспалітай. Пасьля здушэньня паўстаньня ў верасьні 1831 году расейскі ўрад забараніў ужываць «мяцежную» манэту. Сапраўдныя манэты паўстаньня 1830--1831 гадоў сустракаюцца рэдка. На тэрыторыі Беларусі вядомыя ўсяго тры такія выпадкі. Скарб фальшывых манэтаў-паўфабрыкатаў, сярод якіх і падробныя 10-грашовікі часу польскага паўстаньня, быў знойдзены ў Рагачове ў 1971 годзе ў часе будаўнічых працаў каля аўтобуснага вакзалу. Да адкрыцьця рагачоўскага скарбу -- унікальнага помніка гісторыі грашовага абарачэньня на тэрыторыі Беларусі -- у нумізматычным сьвеце не было вядома пра факты падробкі манэтаў польскага паўстаньня.
-- Рагачоўскі скарб фальшывых манэтаў зьвязаны з важнай гістарычнай падзеяй. Якія падзеі ці акалічнасьці зьвязаныя з полацкім скарбам?
-- Гісторыя скарбу фальшывых лівонскіх шылінгаў, знойдзеных у 1997 годзе ў Полацку, ускосна зьвязаная з граматай магістра Лівонскага ордэну Ёгана Фрайтаг фон Лёрынгхофэна (1483--1494), які паведаміў рэвэльскаму (талінскаму) магістрату:
...Нейкія рускія прыехалі ў Рыгу з Полацку... маючы пры сабе фальшывыя манэты... засьцеражыце сваіх месьцічаў і гандляроў. Узоры гэтых манэтаў у запячатаным выглядзе дасылаем вам, каб вы іх агледзелі й змаглі засьцерагчыся. Калі вам стане вядома, што нехта мае ці збывае фальшывыя ма- нэты, прыцягвайце яго да адказнасьці.
На калекцыянэрскім рынку Беларусі ўлетку 1997 году зьявілася значная колькасьць фальшывых манэтаў, якія мелі, паводле зьвестак, паходжаньне са знойдзенага на беразе ракі ў Полацку (верагодней за ўсё, ракі Палаты) скарбу. Чатырнаццаць падробак пад ордэнскія шылінгі Рэвэлю з полацкага скарбу паступілі ў Нацыянальны музэй гісторыі й культуры Беларусі, Нацыянальны полацкі гістарычна-культурны запаведнік, Нумізматычны кабінэт БДУ й прыватныя калекцыі.
-- Даўней падраблялі манэты індывідуальна, або існавалі падпольныя майстэрні?
-- Супастаўленьне шэрагу фактаў -- сьведчаньне пісьмовых крыніцаў, канцэнтрацыя на тэрыторыі Полаччыны й Віцебшчыны беларускіх знаходак ордэнскіх манэтаў, зьвесткі аб знойдзеным у Полацку скарбе фальшывых манэтаў -- дазваляе зрабіць выснову, што ў Полацку існавала падпольная майстэрня фальшываманэтчыкаў, якую можна лічыць першым манэтным дваром на тэрыторыі Беларусі.
-- Дзейнасьць фальшываманэтчыкаў падрывае эканамічныя падставы існаваньня любой краіны. Як змагалася з падобнай зьявай дзяржава?
-- Пакараньні фальшываманэтчыкаў заўсёды і ўсюды былі вельмі жорсткія. У Старажытнай Грэцыі каралі сьмерцю. У Старажытным Рыме за падробку манэты свабодныя грамадзяне высылаліся на катаржныя працы, а ў далейшым ім прызначалася пакараньне сьмерцю -- прычым, за падробку залатых манэтаў палілі жыўцом. Рабоў расьпіналі на крыжы ці аддавалі драпежнікам у цырку. Адначасна рабу, які данёс на фальшываманэтчыка, даравалі свабоду й правы свабоднага чалавека. У XVII стагодзьдзі ў Нямеччыне, у Гамбургу, фальшываманэтчыкаў адпаведна заканадаўству каралі паступовым апусканьнем на канаце ў кацёл з кіпучым алеем. У Англіі за фальсыфікацыю грошай выколвалі вочы, а ў 1125 годзе дзевяноста чатыром трымальнікам манэтных двароў, якія былі западозраныя ў незаконнай дзейнасьці, адсеклі правыя рукі. У Расеі XVI стагодзьдзя за падробку манэты секлі рукі, кляймілі шчокі словам «вор», ссылалі, «воровские деньги» маглі плавіць і заліваць у горла. У 1721 годзе Пётар І «зьмякчыў» заканадаўства, дазволіўшы злачынцаў, што не памерлі адразу пасьля такога катаваньня, застрэліць. У Вялікім Княстве Літоўскім Статутам 1566 і 1588 гадоў фальсыфікатары манэты адназначна караліся сьмерцю --спаленьнем жыўцом «безь міласэрнасьці».
ВЫКАРЫСТАНЬНЕ ЦЬВІКОЎ
Размова з Алегам Трусавым
Беларусы ўжываюць ня толькі слова «цьвік», але часам і слова «гвозд», хаця нам падаецца, што мы ўжываем уласнарасейскае слова. Між іншым, у слоўніку беларускай мовы Насовіча (гэта яшчэ ХІХ стагодзьдзе) слова «цьвік» тлумачыцца як «картачная гульня», а другое значэньне -- «пакараньне розгамі».
-- Адкуль жа пайшло слова «цьвік» у значэньні «будаўнічая прылада»?
-- Беларускаму цьвіку болей за тысячу гадоў, і ўзьнік ён як будаўнічая прылада дзесьці ў Х--ХІ стагодзьдзях. А вось слова «цьвік» паходзіць з польскай і нямецкай моваў і прыйшло да нас толькі ў канцы ХІХ -- пачатку ХХ стагодзьдзя разам з сучаснымі цьвікамі, зробленымі ўжо машынным спосабам -- з круглага дроту з прыкляпанай плешкай. Можна казаць, што слова «цьвік» падкрэсьлівае далучанасьць беларусаў да эўрапейскага кантэксту. А слова «гвозд» сьведчыць пра захаваньне ўласна сваёй традыцыі. Бо ў расейскай мове слова «гвоздь», а ў нашай мове «гвозд», «гваздок». У багацьці мовы й душа беларуса: у нас ёсьць і «гваздочак», і «цьвічок», і «гвазьдзёўня», і «цьвікарня», і «гваздар», і «цьвікар».
-- Ад якога часу чалавек ведае й выкарыстоўвае цьвікі?
-- Цьвікі вырабляліся яшчэ ў жалезным веку. Кожны каваль умеў вырабляць два тыпы цьвікоў: адзін для будаўніцтва, а другі (гэта зьява пазьнейшая) -- каб падкаваць каня. Але жалеза было даволі дарагое, і першыя драўляныя хаты будаваліся практычна безь цьвікоў. А жалезныя цьвікі пашырыліся тады, калі ў нас узьнікла каменная архітэктура, і першыя цьвікі былі ўжытыя пры будаўніцтве полацкай Сафіі. Менавіта там гэтымі цьвікамі зь вельмі вялікімі плешкамі прыбіваліся сьвінцовыя лісты даху да цагляных закамараў. Гэта элемэнт высокай будаўнічай тэхнікі.
-- Як выглядаў той цьвік?
-- Ён быў квадратны альбо прастакутны, і да яго была прыкляпаная вялікая плешка. Пазьней узьнікаюць і іншыя тыпы будаўнічых цьвікоў, некаторыя мелі даўжыню да 30 сантымэтраў. Гэтымі цьвікамі звычайна ўпрыгожвалі дзьверы касьцёлаў, цэркваў, і яны мелі плешку ў выглядзе кветкі, ромба, квадрата. Шалёўку прабівалі наскрозь, загіналі, і такім чынам атрымліваліся моцныя дзьверы, якіх ня вырвеш нават жалезным ломам. Ад самага пачатку цьвік меў ня толькі функцыянальнае, але яшчэ й дэкаратыўнае значэньне. Дэкаратыўныя цьвікі вырабіць даволі цяжка, і для каваля гэта было справай гонару. Каваль, які вырабляў дэкаратыўныя цьвікі, лічыўся найлепшым у ваколіцы. Каб вырабляць цьвікі, была адмысловая прылада, якая называлася «гвазьдзёўня», альбо «цьвікоўня», і была прафэсія «цьвікар». Першая гвазьдзёўня, якая датуецца ХІІ стагодзьдзем, была знойдзеная пры раскопках старажытнага Менску. І хоць жалезныя цьвікі былі дарагія, археолягі знаходзяць вялікую іх колькасьць. Так, напрыклад, у слаях Ваўкавыску археолягі сабралі болей за 1200 розных тыпаў жалезных цьвікоў, а ў слаях Наваградку болей за 600. Гэта значыць, што ў ХІІ--ХІІІ стагодзьдзях узровень жыцьця ў нашых гарадах быў на ўзроўні жыцьця ў Англіі, Францыі, іншых цывілізаваных краінах, бо колькасьць цьвікоў сьведчыць пра дабрабыт насельніцтва.
-- Якія віды цьвікоў яшчэ існавалі?
-- Крыху пазьней зьяўляюцца адмысловыя цьвікі, каб падкоўваць каня, бо падкова як элемэнт конскай вупражы ў Эўропе, у тым ліку і ў Беларусі, пашырылася з ХІ стагодзьдзя. Кожны каваль павінен быў умець вырабіць і падкову, і спэцыяльны цьвік. Цьвік, які ня мае плешкі, называецца па-беларуску «вухналь», а маленькі цьвічок -- «вухналік». І вось гэты вухналік прыбіваецца так, каб не сапсаваць капыта каня. Калі конь падкаваны няправільна, то нашы продкі казалі, што каваль «закаваў» каня, конь кульгае. І да такога каваля ніхто ўжо больш ня пойдзе, ён збанкрутуе. Справай прафэсійнага гонару было так зрабіць падкову, каб конь не адчуў болю. А падкова звычайна мела шэсьць дзірачак і два канцы-шыпы на краях, каб абхапіць капыт па пэрымэтры.
-- А якія цьвікі выкарыстоўваліся ў шавецтве?
-- Шаўцы ў Беларусі зьявіліся ў Х--ХІ стагодзьдзях, а ўжо ў ХІІ стагодзьдзі ў Менску існавала цэлая шавецкая майстэрня, якую раскапалі археолягі. І шаўцы выраблялі спачатку цьвікі толькі драўляныя, з сухой бярозы. Каб не прамакалі боты, вельмі часта ў падэшву клалі слой бяросты, яе накрывалі скурай, потым рабілі дзірачкі шылам і двума радкамі вось гэтых гваздкоў прыбівалі скуру да падэшвы чаравіка альбо ботаў. Былі боты й на цьвіках, і на рантах. Боты на рантах, прашытыя дратвай, даражэйшыя. Самая цікавая гісторыя ў шавецтве -- гэта зьяўленьне мэталёвых цьвікоў. Яны ўжо зьвязаныя з абцасам і падкоўкай на абцас. А самі абцасы ў Беларусі зьявіліся ў канцы XV -- пачатку XVІ стагодзьдзя. Спачатку ў вайскоўцаў, у кавалерыстаў, бо на абцас добра чапляць шпору. Толькі ў XVІІІ стагодзьдзі абцас вырабляюць з калодкі драўлянай, абцягваюць скурай і зьнізу падкоўку ўжо прыбіваюць цьвікамі жалезнымі. А ў парадных жаночых ботах, альбо чобатах, у якіх шляхцянка ішла да касьцёлу ці на вясельле, выкарыстоўваліся медныя цьвічкі, бо на гэтыя боты прыбіваліся адмысловыя медныя накладкі, кавалачкі каляровай скуры, і медны цьвічок быў вельмі цікавым элемэнтам жаночага параднага абутку. Выкарыстоўвалі такія медныя цьвічкі да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя.
-- У кнігах Магілёўскага магістрату згадваецца болей за трыццаць варыянтаў выкарыстаньня «кхвасткоў», як там пішацца. Што гэта за варыянты, апрача ўжо згаданых?
-- Падчас археалягічных раскопак, асабліва Мірскага, Крэўскага й іншых замкаў, мы сабралі велізарную колькасьць цьвікоў розных памераў і розных формаў. Яны ўжываліся многа дзе. Асабліва прыгожыя былі цьвічкі, якімі прыбівалі жалеза да куфраў ці да абцягнутых скурай кніг. Захоўваецца да нашых дзён традыцыя абабіваньня дэкаратыўнымі цьвічкамі мэблі. А ювэліры часам выкарыстоўвалі срэбныя цьвічкі.
-- Ці даражылі беларусы цьвікамі? Ці надавалі ім нейкі большы сэнс, чым простай прыладзе для працы?
-- Па-першае, ашчадны гаспадар разумеў, што цьвік ня танны, і не марнаваў іх. А пасьля пажару селянін ці месьціч прыходзіў на месца спаленага дому, зьбіраў цьвікі, чысьціў і зноў выкарыстоўваў. Па-другое, гэта яшчэ было й сымбалем аднаўленьня. Ёсьць запісы, якія пацьвярджаюць гэты звычай -- зьбіраць на пажарышчы цьвікі й зноў выкарыстоўваць. Фактычна, яны ад агню не псаваліся, іх можна было забіць і другі, і трэці, і чацьверты раз. Традыцыя выкарыстоўваць старыя цьвікі сьведчыць таксама й пра павагу да кавальскай працы.
ШАХМАТЫ -- НАРОДНАЯ ГУЛЬНЯ
Размова з Алегам Трусавым
З усіх гульняў самай інтэлектуальнай зьяўляецца гульня ў шахматы. Паводле папулярнасьці шахматаў у той ці іншай краіне можна меркаваць і пра інтэлектуальны ўзровень нацыі. Стагодзьдзямі эўрапейцы гулялі ў шахматы, і беларусы не былі выключэньнем. Пра пашыранасьць шахматаў у розны час і на розных тэрыторыях гаварыць не складана, бо ў гэтую інтэлектуальную гульню гуляюць фігуркамі, якіх так шмат знаходзяць археолягі. Фігуркі ж нясуць сьведчаньні й пра побыт, і пра культуру нацыі, і пра шматлікія гістарычныя падзеі.
-- Але ўсё па чарзе. Найперш -- якім часам датуецца самая старажытная шахматная фігурка з усіх,што знайшлi на беларускіх землях?
-- Тая шахматная фігурка, што была знойдзеная на гарадзішчы, дзе ўзьнік старажытны Менск, ня толькі самая старажытная на беларускай тэрыторыі, а й ва ўсёй Усходняй Эўропе. Датуецца яна ХІ стагодзьдзем.
-- А ўвогуле,калі й дзе ўзьнікла гэтая гульня --шахматы?
-- Большасьць дасьледчыкаў прыйшлі да высновы, што шахматы ўзьніклі ў старажытнай Індыі дзесьці ў V--VI стагодзьдзях. Старажытнаіндыйскія шахматы адрозьніваліся ад сёньняшніх. Там адначасна на шахматнай дошцы гулялі чатыры чалавекі й чатыры шахматныя войскі. У індусаў гэтую гульню запазычылі арабы. Адбылося гэта ў VII--VIII стагодзьдзях. Менавіта дзякуючы арабам шахматы рознымі шляхамі трапілі ў Эўропу.
-- Як выглядалі самыя першыя шахматныя фігуры?
-- У старажытнай Індыі кожная фігура мела сваю канкрэтную скульптурную выяву й была шэдэўрам плястыкі. Калі быў шахматны слон, дык гэта баявы слон, калі быў шахматны шах -- дык гэта раджа ці візір; пешка, адпаведна, была са зброяй. Арабам было забаронена Кур'анам рабіць выявы жывых істотаў, і яны так стылізавалі індыйскія шахматы, што засталіся толькі нейкія намёкі на людзей ці жывёлаў. Цікава тое, што ў Беларусі існавалі дзьве традыцыі вырабу шахматных фігурак -- стылізаваныя шахматы й шахматы-выявы як творы мастацтва.
-- Якім шляхам шахматы трапілі ў Беларусь?
-- Было некалькі шляхоў, якімі шахматы трапілі ў Эўропу. Адзін зь іх -- усходні. Дасьледчыкі зрабілі выснову, што ва Ўсходнюю Эўропу шахматы маглі трапіць волскім шляхам, шляхам з «варагаў у грэкі» й праз славуты Хазарскі каганат. Ня трэба забывацца, што радзімічы пэўны час плацілі даніну хазарам. Хутчэй за ўсё, гэта й ёсьць шляхам шахматаў у Беларусь.
-- У які пэрыяд гісторыі Беларусь была найбольш шахматнай краінай?
-- У ХІ--ХІІІ стагодзьдзях. Шахматныя фігуркі гэтага часу знойдзеныя літаральна ў кожным беларускім горадзе. Калі мы паглядзім на археалягічную мапу шахматных знаходак ва Ўсходняй Эўропе, Беларусь займае там пераважнае месца.
-- Шахматы -- традыцыйны сувэнір. Над вырабам шахматных фігураў працуюць мастакі. Ці быў такі звычай у Беларусі?
-- Быў. Прыкладам, у альбоме «Плястыка Беларусі» зьмешчана пяць унікальных шахматных фігураў: ладзьдзя, знойдзеная ў Горадні, вырабленая з прыгожага каменя; унікальны латнік -- пешка-барабаншчык з Ваўкавыску; шахматная ладзьдзя з Ваўкавыску; унікальны кароль зь Берасьця; унікальная фігура фэрзя, знойдзеная ў Лукомлі. Гэтыя шэдэўры мастацтва абышлі ўсе энцыкляпэдыі, падручнікі й кнігі пра старажытныя шахматы.
-- Вы назвалі некаторыя шахматныя фігуры ня так, як яны гучаць цяпер. Як у беларусаў раней называліся шахматныя фігуры?
-- У выдатнай прыпавесьці Ўладзімера Караткевіча «Ладзьдзя роспачы» герой гуляе ў шахматы са сьмерцю. Пісьменьнік у гэтым эпізодзе адрадзіў старажытныя назвы фігураў. Ладзьдзя -- тыповая назва фігуры ў славянаў, бо ў індусаў ладзьдзя называлася «баявой калясьніцай», дый гэтак і выглядала. Арабы мадэрнізавалі гэтую калясьніцу, назваўшы яе «рух» -- мітычная птушка зь вялікімі крыламі. А ў эўрапейцаў ладзьдзя называлася «вежай» альбо «турой». Вось жа і ў беларускай шахматнай тэрміналёгіі дзьве назвы адной фігуры -- «ладзьдзя» й «тура». Цяпер -- фэрзь. Караткевіч яго правільна назваў «візір» -- дарадца караля. Славяне запазычылі слова «фэрзь», а эўрапейцы фэрзя назвалі «каралевай». Назва «слон» ідзе ад індусаў. Гэтая фігура ў баўгараў называлася «афіцэрам». Беларусы выкарыстоўваюць таксама дзьве назвы. У заходнеэўрапейскай традыцыі каня называлі «вершнікам» (гэта ня проста конь, а вершнік на кані). Пешка, альбо пешцы (так называлі славяне пяхоту ў VIII--IX стагодзьдзях) -- старажытнаславянскага паходжаньня. Караткевіч называе гэтую фігуру «латнік». І мне здаецца, што гэтая назва дакладная, бо раней існавалі ўзброеныя пешыя латнікі.
-- Зь якога матэрыялу рабілі шахматы ў Беларусі?
-- Найпрасьцейшыя шахматы былі з дрэва. Іх найбольш і знаходзяць археолягi. Даражэйшыя выразаліся з косьці. Дарэчы, былі выяўленыя рэшткі адмысловых майстэрняў. Адну з такіх майстэрняў, дзе выразалі шахматы, археолягі знайшлі ў Друцку, а мне пашанцавала касьцярэзную майстэрню знайсьці ў Амсьціславе -- там выразалі шашкі. А калі выразалі шашкі, то маглі выразаць і шахматы. Рабілі шахматы й з каменя. Такую ўнікальную ладзьдзю знайшлі ў Горадні.
-- Напэўна, у шахматы гулялі пераважна ў маг нацкім асяродзьдзі?
-- І пра гэта сьведчаць археалягічныя знаходкі. Унікальныя шахматы былі знойдзеныя падчас раскопак Троцкага замку -- аж дзесяць фігураў. Гэта гаворыць аб тым, што двор вялікага літоўскага князя любіў гуляць у шахматы.
-- Якога памеру былі старадаўнія шахматы?
-- Пераважна ня вельмі вялікія. З раскопак ХІІ--ХІІІ стагодзьдзяў мы маем самыя вялікія на чатыры-пяць сантымэтраў. У позьнім Сярэднявеччы -- на сантымэтар большыя. А ў Віцебску знайшлі ўвогуле мініятурныя шахматы -- вышыня фігуркі дваццаць мілімэтраў. Відавочна, што гэта дарожныя шахматы.
-- Ці ёсьць нейкія зьвесткі пра шахматныя спаборніцтвы, чэмпіянаты ў шахматы ў даўнія часы?
-- Ёсьць. Першыя чэмпіянаты ў Эўропе пачынаюцца ў эпоху Адраджэньня, у XVI стагодзьдзі. У іх асабліва актыўна ўдзельнічалі гішпанцы й італьянцы. Дарэчы, адзін з кастыльскіх каралёў у ХIII стагодзьдзі выдаў цэлую кнігу, прысьвечаную тэорыі гульні ў шахматы. Яшчэ раней падобныя кнігі выдавалі пэрсы. Калі верыць Уладзімеру Караткевічу, то такія чэмпіянаты былі і ў старажытнай беларускай дзяржаве. Ён ня раз іх апісваў у сваіх мастацкіх творах. Зрэшты, ня толькі Караткевіч апавядаў пра гэтую гульню. Тлумачальны слоўнік беларускае мовы артыкул «шахматны» ілюструе цытатай зь Якуба Коласа. І Якуб Колас, і Янка Купала вельмі часта зьбіраліся гуляць у шахматы, падчас гульні маглі пасварыцца й потым вельмі доўга мірыліся пасьля таго, як не падзялілі нейкай шахматнай фігуры. У ХХ стагодзьдзі шахматы сталі ў Беларусі сапраўды народнай гульнёй. Колас апісвае, як у Менску гулялі ў шахматы на вуліцах, у парках, а за сьпінамі гульцоў стаялі гледачы-заўзятары. У 1920-я гады ў БССР ужо адбыліся першыя спаборніцтвы -- спачатку сярод мужчынаў, а потым і сярод жанчын. Дастаткова прыгадаць выдатнага беларускага шахматыста Барыса Гельфанда, які быў чэмпіёнам Эўропы, чэмпіёнам СССР сярод юнакоў, а ў 1994 годзе ён займаў сёмую пазыцыю ў сьвеце. У 1970--1980-я ўзьніклі шахматныя клюбы, у Менску пабудавалі Палац шахматаў і шашак. І сёньня Беларусь яшчэ мае нядрэнных шахматыстаў, але пазыцыі на міжнароднай арэне губляе. Цяперашняяўлада ня любіць інтэлектуальных гульняў, аддае перавагу хакею ды ролікавым лыжам.
ПАДРОБКІ Й ПАДРОБНІКІ
Размова зь Нінай Здановіч
Сучасная побытавая культура -- гэта культура, якая сваёй матэрыяльнай падставай мае падробкі. Большасьць рэчаў, якія нас атачаюць, узьніклі ў выніку капіяваньня, імітацыі, стылізацыі. Мы марым пра арыгіналы высокай якасьці й мастацкай вартасьці. А задавальняемся звычайна падробкамі, хоць і ставімся да іх скептычна. Але гісторыя даказала, што шляхам да высокіх узораў вельмі часта была падробка, а часам падробка станавілася больш каштоўнай за арыгінал. Вось жа эўрапейскае мастацтва эпохі Адраджэньня дало шэраг прыкладаў, калі творца пачынаў з імітацыі, са спробы паўтарыць антычны ідэал, а завяршаўся працэс стварэньнем уласнага, высокага паводле мастацкіх вартасьцяў, твору. Беларускія археолягі таксама гавораць, што яны знаходзілі шмат падробак, якія маюць і самастойную вартасьць.
-- Дык з чаго ўзьнікалі беларускія падробкі? Зь перайманьня эўрапейскіх узораў?
-- У Беларусі, як ва ўсіх краінах Эўропы, высокае, прыгожае, недасяжнае было штуршком у розных галінах творчасьці й вытворчасьці. Прыкладам, была паліваная кераміка, якая прыйшла зь Нямеччыны ў канцы XV стагодзьдзя, але спачатку яна была недаступная для бальшыні насельніцтва краіны. Вось і ўзьнікла задымленая кераміка, якая паўтарала формы паліванай, а вонкавы воблік -- мэталёвага посуду. Тут як бы два арыгіналы зьліліся ў вобразе зусім новым, зусім іншым, але прататып улоўліваецца. Пройдзе літаральна стагодзьдзе, і вось гэтая задымленая кераміка ператворыцца ў традыцыйную, шыкоўную, глянцаваную кераміку. Прататыпу ў ёй мы ўжо ня знойдзем, калі ня ведаем вось гэтага ланцужка. Але зьява застаецца, і натхненьне чэрпаецца менавіта там, у канцы XV стагодзьдзя.
-- У якія пэрыяды -- стваральныя ці крызісныя-- найбольш вырабляюць падробак?
-- Відаць, у стваральныя, а ня крызісныя. Прыкладам, 30-я гады XVІІІ стагодзьдзя. Радзівіл засноўвае свой парцалянавы цэх у Сьвержані. І майстар, і абсталяваньне былі эўрапейскія, тут стваралі арыгінальныя экзэмпляры посуду. І ў гэты час адбываецца росквіт уласнай маёлікі й расьпісной керамікі, якая імітуе маёліку, а маёліка мае за арыгінал фаянс.
-- Ці былі падробкі, якія ва ўяўленьні грамадзтва або дзяржавы станавіліся небясьпечнымі,зь якімі змагаліся?
-- Дзяржава баялася найбольш падробак, зьвязаных з грашовай сыстэмай. У Статуце ВКЛ 1588 году зьяўляецца артыкул, які папярэджвае гэтак званых клепачоў, якія хацелі або імкнуліся зарабіць грошы на такіх падробках:
Тыя ж, хто б манэту нашу падрабляў, пераплаўляў і абразаў, а таксама майстры манэтнай справы нашай, што золата, срэбра ды іншыя матэрыялы, якія належаць і прызначаюцца грашовай справе, падраблялі б, зьлівалі, зьмешвалі для сваёй карысьці й дзеля шкоды дзяржавы, і тое было б на іх даказана, тыя павінны быць пакараныя сьмерцю без шкадаваньня. Таксама й ювэліры, якія золата й срэбра падрабляюць і зьмешваюць медзь, цынк ці волава й гэта было б даказана, тады яны павінны быць пакараныя сьмерцю агнём, а зь іхнай маёмасьці таму, каму прычынілі шкоду, павінна быць выплачана.
-- А ювэліры,залатары? Як ставілася грамадзтва да іхных падробак?
-- Залатары, ювэліры стаялі на другім месцы паводле шкоднасьці для дзяржавы пасьля тых, хто падрабляў манэты. І таму ў дакумэнтах усьлед за клепачамі згадваюцца менавіта залатары, якія імкнуліся выдаць пазалочаную рэч за залатую. Ёсьць сьведчаньне, як два залатары-магілёўцы адзін на аднаго даносяць за тое, што адзін зь іх выдаў лятунную пазалочаную рэч за залатую. Самі залатары былі зацікаўленыя, каб не было падробак. Цэхавыя статуты пільна сачылі за якасьцю сваёй прадукцыі й за тым, каб яна не падраблялася. Гэтаму ж майстры вучылі сваіх вучняў.
-- А ці не займалася сама дзяржава падробкамі?
-- Дзяржава была самай бессаромнай падробніцай -- і найперш грошай. У сярэдзіне XVІІ стагодзьдзя пачалі выпускаць шэлегі. Яшчэ ў літаратуры іх часам называлі «барацінкамі», якія паводле рэальнага кошту мелі 15 адсоткаў ад намінальнага. Людзі мусілі прымаць тыя грошы за сапраўдныя, і нагэтулькі яны былі абясцэненыя, што нават ужо іхныя падробкі былі лепшай якасьці за афіцыйныя. Як вынік, рынак або браў і адно, і другое, або ня браў ані дзяржаўных, ані падробленых клепачамі. Яшчэ адзін выпадак, ужо з часу Расейскай імпэрыі. З 1839 па 1848 гады дзяржава выпускала медную манэту, на якой было напісана: «1/4 капейкі срэбрам», «3 капейкі срэбрам». Але нават дзіця бачыла, што гэта звычайная медзь. Такая хлусьня тлумачыцца спробай дзяржавы выйсьці зь фінансавага крызісу. У існасьці, вырабляліся грошы, якія нічым не былі падмацаваныя. І фінансавая катастрофа толькі адкладалася ў часе.
-- Каб нешта падрабіць, трэба бачыць,як яно вырабляецца. Ці можна казаць, што і ў вельмі даўні час існаваў шпіянаж у галіне тэхналёгіяў?
-- Хутчэй за ўсё, можна. Мы мяркуем пра гэта хаця б са статутаў цэхаў. Першае, чаго яны патрабавалі, гэта каб чалавек трымаў язык на прывязі. У сярэднявеччы можна было набыць на рынку парашок, які даваў паліву для керамікі, але нельга было даведацца пра ягоны склад. Сакрэт належаў майстру. Вельмі важна, каб тое, пра што кажуць у цэху, не выходзіла за парог і не разносілася. Гэтага аднадушна патрабуе цэх. Калі ж хто-небудзь адважыцца гэтае патрабаваньне парушыць і ў яго будзе часацца язык, дык, калі гэта будзе даведзена, ён мусіць будзе заплаціць у цэх паўкаменя воску столькі разоў, колькі разоў ім зроблена парушэньне, без усялякае ласкі.
-- Калі параўнаць зь іншымі народамі -- беларусы былі большымі ці меншымі падробнікамі?
-- Дзяржава імкнулася яшчэ з XІV стагодзьдзя мець менавіта майстроў, якія б рабілі рэчы арыгінальныя. Калі іх не было, тады імкнуліся быць ня горшымі за людзей. Можна сказаць, што беларусы былі даволі хітрыя, прыкладам, у паліванай кераміцы. Яны запазычылі форму, якая была распаўсюджаная менавіта ў Нямеччыне, -- гаршкі на трох ножках, але дапасавалі яе да сваіх патэльняў, што адпавядалі гэтай форме. На грунце чужой ідэі зрабілі свой арыгінальны посуд.
-- Відавочна, што падробкі, імітацыі моцна паўзьдзейнічалі на разьвіцьцё самабытнай нацыянальнай культуры. А ці паўплывала падробка на хаду гісторыі?
-- Напэўна, уплывала. Вось жа Рэч Паспалітая ў XVІІ стагодзьдзі ад падробкі рэчаў перайшла, калі можна так сказаць, на падробку людзей. Усе ведаюць, хто такія Ілжэдзьмітры І і Ілжэдзьмітры ІІ. Так, энцыкляпэдыі даюць нам фразу: «Паходжаньне ня высьветленае». Але, калі пакапацца ў біяграфіі аднаго й другога, дык мы знаходзім іхныя сьляды на Магілёўшчы- не -- Шклоў, Магілёў. Асобы або аднаго, або другога ўзьнікаюць пры двары Лява Сапегі. Была спроба (праўда, няўдалая) зрабіць і яшчэ аднаго царэвіча, Ілжэдзьмітрыя ІІІ. Гэта Ян Луба, што таксама жыў пры двары Лява Сапегі, якога выхоўваў Апанас Філіповіч. Але тут атрымалася так, як у «Тарасу Буль- бу»: «Я цябе парадзіў, я цябе й заб'ю». Калі ўжо Ян Луба «внедрился в Российский двор», Апанас элемэнтарна зрабіў данос на гэтага Яна Лубу, расказаў, што гэта была за асоба й зь якою мэтаю ён туды трапіў.
-- Адна падробка спараджае іншую?
-- Так. Але падробкі нельга множыць да бясконцасьці. Прыкладам, Ілжэдзьмітры І быў падробкаю пад царэвіча Дзьмітрыя, Ілжэдзьмітры ІІ -- пад Ілжэдзьмітрыя І. Трэцяяспроба пацярпела крах, таму што час аддаляў падробку ад арыгіналу, і сцэнар размываўся.
-- А ці падраблялі іншыя народы беларускае?
-- Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай была як бы рэтрансьлятарам заходніх традыцыяў. Кожная краіна ня толькі спажывае, але й перадае. Беларусь вельмі пасьпяхова выконвала такую ролю, перадаючы іншым народам узоры керамікі, кафлі, пазалочанае разьбы. Пераймальнасьць традыцыі падробак -- гэта адзін з прынцыпаў засваеньня новага. У культурным пляне беларусы былі адкрытым народам, яны пераймалі тое, што ім было трэба, і спакойна дзяліліся зь іншымі народамі сваімі здабыткам