Image Hosted by UploadHouse.com

Культура и история Балтийско-Черноморского региона

Объявление

Администрация форума не несет ответственности за содержание рекламных баннеров.

Информация о пользователе

Привет, Гость! Войдите или зарегистрируйтесь.


Вы здесь » Культура и история Балтийско-Черноморского региона » История » АРШАНСКАЯ БІТВА 1514 ГОДА


АРШАНСКАЯ БІТВА 1514 ГОДА

Сообщений 1 страница 4 из 4

1

http://www.uploadhouse.com/fileuploads/795/7957523757ad872dbcc97e48658f3db5ac9bc6.jpg

АРШАНСКАЯ БІТВА 1514 ГОДА І ЯЕ ЎДЗЕЛЬНІКІ.

1. БІТВА   ЕЎРАПЕЙСКАГА ЗНАЧЭННЯ

      Адной з вялікіх бітваў ХУІ стагоддзя з'яўляецца бітва пад Оршай, якая адбылася 8 верасня 1514 г. паміж войскам Беларуска-Літоўскай дзяржавы, якім камандаваў князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі, і маскоўскім войскам, што налічвала амаль утрая больш воінаў, чым у войску Канстанціна Астрожскага. Перамогу атрымала войска нашай дзяржавы.
     Значэнне Аршанскай  бітвы мела вялікі ўплыў на ход гістарычных падзей ва Усходняй Еўропе. Перамога пад Оршай  уратавала незалежнасць Беларуска-Літоўскага гаспадарства і таму займае пачэснае месца ў нашай гісторыі. Дзень 8 верасня стаўся Днём Беларускай Вайсковай Славы. Штогод патрыятычная грамадскасць Беларусі адзначае яго як адно з галоўных нацыянальных святаў.

2.    3АМОЎЧАНАЯ Ў САВЕЦКІ ЧАС БІТВА

     Аднак доўгі час пра гэты дзень сваёй вайсковай славы беларусы не ведалі. У савецкі час у афіцыйных падручніках нічога пра Аршанскую бітву не пісалі, як і ўвагуле пра захопніцкую палітыку Расіі ў дачыненні да Беларусі. Яна не ўпісвалася ні ў афіцыйную гісторыю Расійскай імперыі, ні ў афіцыйную гісторыю СССР як нашчадка Расійскай імперыі. Не пісалі пра яе і ў гісторыі БССР як складовай часткі СССР (а значыць, і імперыі). Толькі асобныя расійскія гісторыкі (М.М. Карамзін, С.М. Салаўёў) ды расійская Ваенная энцыклапедыя ў 1914 г. згадвалі яе, бо аб'ектыўна не маглі абмінуць.
      Польскія гісторыкі адносілі яе да польскай вайсковай гісторыі, перабольшвалі ўдзел польскіх вайсковых аддзелаў у ходзе бітвы. У 90-х гадах XX ст. літоўскія гісторыкі цалкам прыпісвалі яе літоўцам, бо наша агульная дзяржава насіла назву Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, скарочана – Літоўскае. Наўмысна блытаючы палітонім (назву грамадзян дзяржавы) і этнонім (назву нацыі, народнасці) літоўскія гісторыкі прыпісваюць літоўцам і жамойтам падзеі беларускай гісторыі. Нездарма, у школьных падручніках у Літве фігуруе, напрыклад, Пранцішкас Скарына, "які пісаў свае кнігі на нацыянальнай мове" (зразумела, для літоўскіх гісторыкаў на літоўскай).

3. УЗНАЎЛЕННЕ ГІСТАРЫЧНАЙ  ПАМЯЦІ

     Толькі пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі Дзень 8 верасня пачаў святкавацца беларускімі патрыётамі як Дзень Беларускай Вайсковай Славы.
      Менавіта 8 верасня 1992 г. на Плошчы Незалежнасці ў Менску беларусы-афіцэры прымалі вайсковую прысягу на вернасць Беларусі. У прыняцці прысягі прымалі ўдзел афіцэры ў адстаўцы і палітычныя дзеячы Беларускага Народнага Фронту. Побач стаялі Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк і аўтар гэтых радкоў. Захаваўся здымак Ул. Кармілкіна, які таксама прымаў прысягу як прапаршчык у адстаўцы.
       8 верасня 1992 г. у "Народнай газеце" быў надрукаваны артыкул аўтара гэтых радкоў "Бітва пад Оршай". У той жа дзень ён быў надрукаваны на рускай мове ў газеце "Во славу Родины",  органе Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Як бачым, тады і афіцыйныя органы шукалі карані беларускай вайсковай гісторыі.
      Тады ж, у 1992 г., у 6-м нумары часопіса "Спадчына" быў надрукаваны мой артыкул "Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г.". Паколькі наклад часопіса тады меў каля 9 тысяч асобнікаў, а часопіс выпісвалі шматлікія падпісчыкі, то пра бітву пад Оршай даведаліся многія беларусы не толькі з газет, а з часопіса, які захоўваецца больш старанна, чым газета, і можна да тэксту вяртацца, калі гэта патрэбна. Ад таго часу кожны год я друкаваў артыкулы пра Аршанскю бітву ў розных газетах.
Я добра памятаю, як Мікола Ермаловіч, прачытаўшы мой атыкул у часопісе, сказаў мне: "Мне цяпер няма неабходнасці вывучаць дакументы. Тут усё сказана". Ен і ўзяў за аснову гэты артыкул, калі ў сваёй апошняй працы "Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае" (Менск, 2000) пісаў старонкі пра Аршанскую бітву. Ад часу маіх публікацый 1992 г. і пазнейшых гадоў Аршанская бітва 1514 г. стала ўсеагульнавядомай.
На аснове артыкула ў часопісе змешчаны мае артыкулы пра Аршанскую бітву  ў 1 томе "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" (Менск, 1993, с. 187-188) і ў 1 томе "Беларускай Энцыклапедыі" (Менск, 1996, с. 537-538). Пры далейшай працы з крыніцамі я ўнёс удакладненні ў тэкст артыкула ў часопісе "Спадчына" (1992, № 6), і яны былі ўлічаны ў "Беларускай Энцыклапедыі".
У 1-м томе Энцыклапедыі "Вялікае Княства Літоўскае" кіраўніцтва Беларускай Энцыклапедыі не ўсё гэта ўлічыла. Таму ў гэтым артыкуле я і хачу ўнесці дакладнасць і паўтарыць раней апублікаваныя мною лічбы. Справа датычыцца колькасці ўдзельнікаў бітвы з беларускага боку і прадстаўніцтва ў ёй польскіх аддзелаў. Пра гэта больш падрабязна будзе сказана ніжэй у тэксце гэтага артыкула.
За апошнія гады незалежнай Беларусі шмат ужо напісана пра вайсковую гісторыю Беларусі, у тым ліку, і пра дачыненні паміж Беларуска-Літоўскай дзяржавай і Маскоўскім Вялікім княствам. Адносіны паміж імі, паміж Расіяй і Беларуссю, былі рознымі – былі і мірныя гады, былі і жорсткія, знішчальныя войны.
Усё гэта ні інструкцыямі звыш, ні забаронамі, ні цэнзурай, ні фальсіфікацыяй з гісторыі ніхто не зможа выкрасліць.
4. МІЖНАРОДНАЯ СІТУАЦЫЯ Ў ПАЧАТКУ ХУІ СТ.
У канцы ХУ-ХУІ стагоддзі адносіны паміж Маскоўскім Вялікім княствам і Беларуска-Літоўскім гаспадарствам былі вельмі напружанымі. Ішла барацьба за землі Русі – або пад панаваннем Масквы, або пад эгідай Вільні. Барацьба ішла тады з пераменным поспехам. Пра гэта трапна сказаў А.С. Пушкін (зразумела, з расійскага пункту гледжання):

Уж давно между собою
Враждуют племена,
Не раз клонились под грозою
То их, то наша сторона.

     Улетку 1514 г. падчас чарговай вайны маскоўскім войскам (з-за здрады князя Міхаіла Львовіча Глінскага) удалося захапіць Смаленск. Здавалася, шлях у глыбіню Беларусі для яе захопу маскоўскімі войскамі быў адкрыты. Пасля капітуляцыі Смаленска Вялікі князь маскоўскі Васіль III накіраваў далей у Беларусь 80-тысячную конніцу з баяраў і "людзей вайсковых" (дваранаў і дзяцей баярскіх). Простых воінаў было мала.
      На чале гэтага войска стаялі галоўныя ваяводы – баярын Іван Андрэевіч Чаляднін і баярын князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца, продак князёў Галіцыных.
      Каб папярэдзіць наступ вялікай маскоўскай арміі, Вялікі князь Літоўскі (ён жа кароль польскі) Жыгімонт Казіміравіч, унук Ягайлы, накіраваў насустрач   маскоўскаму войску 30-тысячнае войска Беларуска-Літоўскай  дзяржавы пад камандаваннем  Гетмана Найвышэйшага, князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага –  лепшага палкаводца нашай дзяржавы ў той час.
       Звычайна, паводле польскай гістарыяграфіі, сцвярджаецца, што у войску К. Астрожскага было ажно 14 тысяч польскіх вершнікаў і 3 тысячы наёмнай польскай пяхоты, а войска Вялікага Княства Літоўскага мела 16 тысяч, аднак, спасылаючыся на кракаўскія архівы і далейшыя іх публікацыі (Акты Таміцкага, том 3-ці), расійскі гісторык М.К. Любаўскі ў кнізе "Літоўска-Рускі сейм" (Масква, 1900) адзначае, што земскае апалчэнне шляхты Вялікага Княства Літоускага збіралася вельмі марудна. Ні шляхта з Літвы, ні польскія жаўнеры да войска не паспелі далучыцца. А хто з жаўнераў падыйшоў, застаўся ў Берасці.
Жамойцкая шляхта ўвогуле намагалася бараніць свае межы з Тэўтонскім і Лівонскім ордэнамі, а ўкраінская шляхта, бараніла сваю тэрыторыю ад набегаў крымскіх татараў. I ў складзе войска К. Астрожскага, што сабралася ў Менску,  дзе знаходзіўся сам Вялікі князь Жыгімонт, польскай конніцы і пяхоты было не больш як 4 тысячы. Гэтую лічбу называе польскі гісторык 3. Вайцяхоўскі, удакладняючы, што з польскіх аддзелаў конніцы была палова, а другая палова – польскія пехацінцы. Такім чынам, Канстанцін Астрожскі камандаваў у значнай ступені беларускім войскам, якое складалася з аддзелаў усіх беларускіх паветаў.
У нашым біяграфічным нарысе пра К.І. Астрожскага ("Славутыя імёны Бацькаўшчыны" Менск, 2003) таксама пададзены  гэтыя лічбы.
У беларускім войску аддзеламі лёгкай конніцы (з лёгкім узбраеннем) камандаваў дасведчаны палкаводзец Юры Мікалаевіч Радзівіл, які пазней быў Гетманам Вялікім Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Асобныя аддзелы конніцы ўзначальваў Іван Сямёнавіч Сапега. На чале свайго апалчэння быў слуцкі князь Юры Сямёнавіч Алелькавіч. Польскімі аддзеламі камандавалі Войцах Сампалінскі і Януш Свярчоўскі.
5. ПАДРЫХТОЎКА  ДА  АРШАНСКАЙ  БІТВЫ.
Вялікі князь літоўскі і рускі Жыгімонт Казіміравіч выехаў на тэатр ваенных дзеянняў каб каардынаваць дзейнасць войска Вялікага Княства Літоўскага і польскіх аддзелаў (паколькі быў адначасова і каралём польскім).
Месцам, дзе павінна было сабрацца агульнае войска, быў вызначаны Менск і яго ваколіцы. У канцы ліпеня 1514 г. Жыгімонт прыбыў у Менск. Як адзначае расійскі гісторык М.К. Любаўскі, тут быў праведзены агляд войска, і выявілася, што польскія аддзелы прыбывалі марудна, а большая частка іх жаўнераў засталася ў Берасці. Кароль накіраваў да іх асобны ліст, каб спяшаліся на вайну, а сам з  войскам зрабіў пераход з Менска ў Барысаў, дзе зноў быў праведзены агляд войска  і  яго попіс (перапіс). Паколькі вораг паспеў захапіць Смаленск і паглыбляўся на тэрыторыю Беларусі, Жыгімонт паслаў насустрач маскоўскім войскам (80 тысяч чалавек) войска Вялікага Княства Літоўскага начале з Гетманам Найвышэйшым Канстанцінам Іванавічам Астрожскім, якое налічвала 30 тысяч чалавек. Сам жа Вялікі князь застаўся ў Барысаве з войскам у 4 тысячы чалавек, галоўным чынам польскіх жаўнераў (па іншых звестках у яго заставалася 5 тысяч чалавек). Гэтыя лічбы – 80 тысяч чалавек у войску Вялікага Княства Маскоўскага і 30 тысяч чалавек у беларускім войску Канстанціна Астрожскага – прыводзяцца ў рускіх летапісах, звестках іншаземцаў, хроніках М. Стрыйкоўскага і А. Гваньіні. Згаджаюцца з гэтымі лічбамі і вайсковыя гісторыкі XX ст.
Першы бой паміж беларускімі і перадавымі палкамі маскоўскага войска адбыўся на левым беразе Бярэзіны пры пераправе цераз раку войска князя К. Астрожскага. Папярэдне ён правёў артылерыйскую стральбу з гармат і гакаўніц (пішчаляў), нанёсшы страты непрыяцелю. Гэтая бітва адбылася 27 жніўня 1514 года. Падчас бою некалькі маскоўскіх палкоў было разбіта. Непрыяцель страціў каля 1300 чалавек. На наступны дзень авангард арміі К. I. Астрожскага нанёс паражэнне маскоўскім войскам у баі над ракою Бобр і 1 верасня дасягнуў ракі Друць. Тут аддзелы Івана Багданавіча Сапегі нанеслі паражэнне тром маскоўскім палкам. Было забіта некалькі соцень воінаў, шмат узята ў палон.
Тады галоўны маскоўскі ваявода Іван Чаляднін, якому Вялікі князь Васіль III даручыў камандаванне ўсімі сіламі, адступіў са сваімі войскамі за Днепр і выбраў для наступнай, галоўнай бітвы, добрае месца на яго левым беразе. Тут паміж Оршай і Дуброўнай ля ракі Крапіўны на вялікім полі і размясціліся маскоўскія палкі – на ўзгорках каля вёсак Пугайлава і Рукліна, злева ад лесу на рацэ Днепр ля вёскі Рукліна, пакінуўшы свабодную прастору для непрыяцеля ў лукавіне Дняпра на яго левым беразе. Менавіта тут І.А. Чаляднін планаваў даць генеральную бітву гэтай кампаніі, а можа і ўсёй вайны, разбіць меншага амаль утрая непрыяцеля, захапіць палонных і скончыць вайну перамогай.
Канстанцін Астрожскі таксама вырашыў даць тут бой, нягледзячы па свае параўнальна малыя сілы. Ён лічыў, што адной вярсты ад Дняпра дастаткова, каб разгарнуць свае сілы. Быў і псіхалагічны разлік для свайго войска – немагчымасць адступлення да бліжэйшых крутых берагоў Дняпра.
7 верасня 1514 г. войска Астрожскага наблізілася да Дняпра ў раёне Оршы. Гетман вырашыў не рызыкаваць, бо пераправу цераз раку пільнавалі конныя аддзелы ворага. Не жадаючы фарсіраваць раку пад стрэламі маскоўскіх лучнікаў, князь Астрожскі правёў тут дэманстратыўны манеўр, намагаючыся паказаць маскоўскім ваяводам, што пераправа беларускага войска адбудзецца менавіта тут. Таму Канстанцін Астрожскі пад заслонай сваіх жаўнераў пераправіў у гэтым месцы ўброд толькі некалькі тысяч коннікаў. Але маскоўскія ваяводы бяздзейнічалі, чакаючы, пакуль не падыйдзе да пераправы ўсё беларускае войска, каб потым адным вытам знішчыць яго цалкам. Увечары Астрожскі перасунуў па віцебскай дарозе ўсё сваё войска на поўнач ад Оршы і спыніўся на правым беразе Дняпра.
     У ноч на 8 верасня Канстанцін Астрожскі загадаў пабудаваць цераз Днепр у гэтым месцы два пантонныя масты. Яны былі зроблены са шчыльна заканапачаных і звязаных паміж сабой пустых бочак. Для пераправы скарысталі таксама плыты і лодкі з суцэльным насцілам, каб колы гармат не грукалі. У балоцістых мясцінах ля ракі былі зроблены гаці з паваленых і звязаных дрэў. Конніца войска князя Астрожскага перапраўлялася цераз Днепр па вузенькім бродзе недалёка ад Аршанскай цвердзі, страціўшы пры гэтым толькі аднаго вершніка, які патануў. На працягу ночы па двух пантонных мастах была перапраўлена ўся пяхота і артылерыя войска Беларуска-Літоўскай дзяржавы ў раён вёскі Пашына, што знаходзілася ў лукавіне Дняпра.
6. ПЕРАД БІТВАЙ
Бітва ў полі на беразе Дняпра, за пяць вёрст ад Оршы, адбылася 8 верасня 1514 г., у дзень нараджэння Багародзіцы. Гэты дзень увайшоў у гісторыю як Дзень Беларускай Вайсковай Славы.
У маскоўскім войску галоўным ваяводам быў Іван Андрэевіч Чаляднін,  другім самастойным ваяводам – князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца. Чаляднін паставіў раніцай усё сваё войска ў баявы парадак у тры выцягнутыя лініі. На флангах конныя аддзелы, каб падчас бою яны зайшлі ў тыл ворагу. Наперадзе стаяў полк перадавой варты. У цэнтры маскоўскі вялікі полк, па фронце шырынёй 5 кіламетраў. На правым фланзе – полк правай рукі, на левым, каля вёскі Рукліна, – полк левай рукі. На пагорку ў цэнтры за вялікім палком маскоўскага войска стаяў полк тылавой варты (рэзерва). Маскоўскае войска выступала пад белым сцягам (белы колер – адзін з улюбёных у славян).
Усе маскоўскія палкі былі конныя, цяжкіх гармат маскоўскія войскі не мелі, бо вялікі князь Васіль III загадаў пакінуць іх у захопленых замках. Але, як сведчыць гісторык М.М. Карамзін, "агнястрэльны снарад" у маскоўскім войску быў.
Галоўны ваявода расцягнуў свае сілы таму, што яны амаль утрая перавышалі войска Канстанціна Астрожскага. Ён вырашыў акружыць супраціўніка, разбіць яго і скінуць рэшткі разбітых беларускіх аддзелаў у Днепр. Таму маскоўскае войска расцягнулася па лініях і стварылася магчымасць прарваць іх. Адзіны сапраўдны кіраўнік у маскоўскім войску адсутнічаў, а кожны з двух галоўных ваяводаў камандаваў сваімі войскамі самастойна.
Гэта паўплывала на ход і вынікі бітвы пад Оршай. Адбілася на ходзе бітвы і тое, што ў маскоўцаў не было артылерыі. Да таго ж, яны, заспакоеныя сваёй колькаснай перавагай, былі ўпэўнены ў перамозе. Таму іх галоўныя ваяводы і ваяводы ніжэйшага рангу своечасова не заўважылі небяспекі, а калі яна выявілася падчас бітвы, то было ўжо позна.
Войска Канстанціна Астрожскага заняло баявыя пазіцыі па абодвух баках яра, які ішоў ад вёскі Пугайлава да пераправы цераз Днепр. Яны сталі паводле свайго старога баявога звычаю: наперадзе знаходзіліся два палкі беларускай конніцы Юрыя Радзівіла і польскай Януша Свярчоўскага. На правым і левым флангах стаялі па тры дапаможныя (рэзервовыя) палкі беларускай конніцы, якія складаліся з лёгка ўзброеных харугваў. На краі правага крыла К. Астрожскі размясціў ва ўкрыцці пад аховай лесу і паблізу ад берага Дняпра ўсе гарматы і частку пяхоты з рушніцамі (пішчалямі, самапаламі). Увогуле,  войска гетмана Астрожскага было сцягнута ў моцныя і згрупаваныя аддзелы, гатовыя прабіць расцягнутыя лініі ворага.
    Як сведчыць батальная карціна "Бітва пад Оршай" (намалявана каля 1520 г., знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве), К.І. Астрожскі быў апрануты ў баявое адзенне з шабляй у каштоўных похвах. Падчас бітвы беларускае войска выступала пад дзяржаўным сцягам чырвонага колеру з срэбнай выявай Пагоні на адным баку і Багародзіцы з дзіцяткам Ісусам на руках на другім. Побач з Гетманам Найвышэйшым неслі і другі сцяг, гетманскі, блакітнага колеру. 3 аднаго боку на ім была срэбная Пагоня ў чырвоным полі, з другога – абраз святога Станіслава. Асобныя паны мелі ў аддзелах (дружынах) свае ўласныя сцягі.
     Так, на карціне ў руцэ аднаго з вершнікаў можна разгледзець чырвоны штандар з выявай герба Радзівілаў – трох паляўнічых ражкоў. У кожнага з беларускіх вершнікаў, паводле той карціны, у руцэ была доўгая дзіда з белым сцяжком-вымпелам, уздоўж якога пасярэдзіне праходзіць адна вузкая чырвоная палоска, якая перакрыжоўваецца бліжэй да тронца другой чырвонай палоскай. Гэта прадвеснік нашага гістарычнага нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга.
7. СЛАВУТАЯ АРШАНСКАЯ БІТВА.
У пятніцу 8 верасня 1514 года "на Рожество Пресвятыя Богородіцы" а 9-й гадзіне раніцы войска князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага было ўжо пастаўлена ў баявых парадках на поле бітвы. Як тады было звычаем, перад бітвай святары з абодвух бакоў адслужылі малебень за перамогу.
Пры гэтым трэба нагадаць, што ў беларускім войску, таксама як і ў маскоўскім, за перамогу маліліся праваслаўныя святары і воіны. Большасць у войску К. І. Астрожскага, як і ён сам, складалі праваслаўныя баяры-шляхта. У аддзелах яго войска малебень адслужылі і ксяндзы, бо ў войску было нямала і католікаў.
Пасля малітвы абодва крылы маскоўскай арміі крыху адышлі ад асноўнага войска, каб потым акружыць ворага з тылу. Галоўныя ж маскоўскія сілы засталіся ў баявых парадках у сярэдзіне поля, а некаторыя аддзелы нават прасунуліся наперад, каб выклікаць непрыяцеля на бой. Пасля гэтага перасоўвання на вольнай прасторы паміж беларускім і маскоўскім войскамі пачаліся "гарцы" – асобныя двубоі паміж вершнікамі з абодвух бакоў, каб заахвоціць астатніх воінаў да бітвы.
З невялікай прамовай па-беларуску да сваіх рыцараў звярнуўся Канстанцін Астрожскі. Ён нагадаў пра слаўныя баявыя традыцыі продкаў, заклікаў быць мужнымі, абараняць ад ворага Бацькаўшчыну. Пасля прамовы Астрожскі загадаў конным палкам вольна рушыць наперад. Гэта маскоўскія ваяводы палічылі сігналам да дзеяння. Затрубілі трубы, ударылі бубны. Сцягі і прапарцы (сцяжкі) распусцілі да бою.
Атаку пачаў полк правай рукі маскоўскага войска на чале з князем Міхаілам Іванавічам Булгакавым-Голіцам. Асобныя аддзелы I.  Чаляднін паслаў на флангі, каб адразу зайсці ў тыл ворагу. Адбіўшы першую атаку непрыяцеля, беларускія вершнікі, якія атрымалі падмацаванне, пачалі самі наступаць. Полк Сампалінскага, які складаўся з цяжкай кавалерыі, адпаведна ўзброенай і з моцнымі даспехамі, праскочыўшы галопам перад фронтам беларускага палка, што заняў пазіцыю ў цэнтры поля бітвы, нанёс ворагу выт па флангу. Польскія вершнікі з доўгімі дзідамі валілі з коней маскоўскіх воінаў. М. Стрыйкоўскі ў сваёй "Кроніцы" распавядае, што ў паветры свісталі стрэлы, чуўся звон шабель, гучалі стрэлы з агнястрэльнай зброі. Вершнікі набіралі тэмп, уразаліся ў шэрагі маскоўскага войска. Разгарэлася жорсткая бітва.
Князь Міхаіл Булгакаў-Голіца таксама атрымаў падмацаванне і ўзнавіў шэрагі свайго фронту. Маскоўскія сілы на правым флангу пачалі другую атаку. Беларускія рыцары і польскія саюзнікі ўстаялі. Але нечакана яны расступіліся, і вораг апынуўся перад пяхотай. Пяхота, страляючы з рушніц (пішчаляў), збіла з коней шмат маскоўцаў. Шэрагі маскоўскага палка памяшаліся. У гэты момант Канстанцін Астрожскі звярнуўся да рыцараў: "Гэй! Вось цяпер наперад, дзеці!" (Для таго часу ён быў ужо стары. Яму было тады 54 гады). Ён казаў ім пра ўжо недалёкую перамогу і трыумф, пра тое, што непрыяцель ужо "млее". Заклікаў "мілых братоў" аднавіць мужнасць у гэтай хвілі: "Цяпер будзьце мужамі, няхай кожны адновіць дзельнасць, бо шэрагі непрыяцеля ўжо паблыталіся. На нашым баку стаіць сам Бог і дадае нам з неба абарону". Астрожскі заклікаў усіх ісці смела ў бой за ім, бо ён першы ставіць сваю галаву ў ахвяру і першы ідзе ў атаку на ворага з шабляй у руцэ, каб яе акрывавіць. Ен напомніў рыцарам пра слаўныя бітвы іх продкаў і каб яны чуліся сынамі сваіх бацькоў. Асаблівасці прамовы, перададзенай храністам, паказваюць, што яна была сказана па-беларуску. Гэтая прамова славутага палкаводца псіхалагічна ўздзейнічала на беларускіх воінаў, і па яго закліку яны зноў рушылі ў атаку.
Зноў пачалася жорсткая бітва. Канстанцін Астрожскі, размахваючы гетманскай булавой, зноў вёў у атаку сваіх рыцараў. Яны збівалі ворага дзідамі і секлі мячамі. Урэшце маскоўская конніца Булгакава-Голіцы была зламана, разбіта і ў беспарадку кінулася наўцёкі. Беларуская конніца і полк Сампалінскага ўварваліся ў другую лінію маскоўскага войска. Яны гналі рэшткі маскоўскага палка правай рукі і забівалі ўцекачоў, ужо няздольных весці бой.
Аднак Чаляднін не дапамог Булгакаву-Голіцы. Гэта тлумачыцца суперніцтвам паміж маскоўскімі галоўнымі ваяводамі і жаданнем кожнага з іх атрымаць перамогу самастойна, каб выслужыццца перад вялікім князем. Нават пасля разгрому войска, якім камандаваў Булгакаў-Голіца, у Чалядніна заставалася воінаў больш, чым у Канстанціна Астрожскага.
Яшчэ раней Іван Чаляднін накіраваў свой полк левай рукі у наступ на супрацьлеглае, правае крыло войска Канстанціна Астрожскага. Аднак гэты наступ быў не вельмі моцны і выконваўся нерашуча.
Гэта дало магчымасць беларускай лёгкай кавалерыі на працягу доўгага часу адбіваць атакі маскоўскага войска на гэтым флангу. Чаляднін чакаў, калі ў бой супраць правай рукі ўцягнуцца ўсе харугвы беларускай лёгкай конніцы, каб выцяць ім у тыл і адным моцным вытам разбіць іх.
Урэшце Івану Чалядніну здалося, што ён перамагае. У нейкі момант бітвы ён убачыў, што беларуская конніца спыніла свае контратакі і па загаду Канстанціна Астрожскага пачала адступаць, а потым зусім кінулася ўцякаць. Тады Чаляднін, перакананы ў сваёй перамозе, кінуў у бой усе свае сілы. Аднак, у пэўны момант, недалёка ад лесу і кустоў у тыле беларускага войска, раптам па камандзе гетмана (ён падняў булаву, а за ім палкоўнікі паднялі свае шастапёры) конніца падзялілася на дзве часткі, якія хутка скочылі направа і налева. Уся бязладная маса маскоўскай конніцы аказалася перад гарматамі і пяхотай, што былі ў кустах на ўскраіне лесу і ўжо даўно падрыхтаваліся да аднаго моцнага залпу. Пярэднія і заднія рады маскоўскай конніцы былі расстраляны пасля першага залпу і далейшых стрэлаў  гармат і рушніц. Яны панеслі вялікія страты ў людзях і конях.
Гэтая вайсковая хітрасць, якую Канстанцін Астрожскі прымяніў яшчэ ў бітве з крымскімі татарамі 28 красавіка 1512 года каля Вішняўца на Валыні, і стала пераломным момантам Аршанскай  бітвы. Пасля расстрэлу гарматамі лавіны маскоўскага войска ў яго шэрагах пачалася паніка, і яно кінулася наўцёк. Цяпер ужо ўцякалі рэшткі абодвух флангаў маскоўскага войска.
Спачатку І. Чаляднін спрабаваў угаварыць сваіх вершнікаў затрымацца. Аднак яго ўжо ніхто не слухаў.
Валынскі кароткі летапіс сведчыць, што Аршанская бітва працягвалася тры гадзіны.
Пасол германскага імператара да Васіля III барон Сігізмунд Герберштэйн, едучы ў Маскву, наведаў у Вільні ў 1517 годзе палонных І.А. Чалядніна і М.І. Булгакава-Голіцу і размаўляў з імі пра бітву пад Оршай. У сваіх запісках ён расказвае пра манеўр К. Астрожскага, што навёў непрыяцеля на гарматы, і пра разгром маскоўскага войска: "Ліцвіны, наўмысна адступіўшы да таго месца, дзе ў іх былі схаваны гарматы, накіравалі іх супраць маскавітаў, якія насядалі, і паразілі іх заднія шэрагі, што выстраіліся ў рэзерве, але занадта скучаныя, унеслі замяшанне ў іх шэрагі і рассеялі. Такі нечаканы баявы прыём прывёў маскавітаў у жах, бо яны лічылі, што ў небяспецы знаходзіцца першы шэраг, які б'ецца з ворагам, прыйшоўшы ў замяшанне і лічачы, што першыя шэрагі ўжо разбіты, яны кінуліся наўцёкі. Ліцвіны, разгарнуўшы і накіраваўшы ўсе свае сілы, пераследавалі іх, гналі і забівалі. Убачыўшы гэтыя ўцёкі, адступілі і абодва рускія флангі. Толькі ноч і лясы спынілі гэтае вынішчэнне".
М. Стрыйкоўскі таксама прыводзіць жахлівыя сцэны гэтых уцёкаў. У паніцы маскоўскія коннікі ўцякалі ў лясы, балоты, кідаліся ў Днепр і танулі, а пераможцы гналі іх і забівалі. Параненыя крычалі ім: "Не сечи голову!", а цяжка параненыя: "Добей!" Кроў забітых была не толькі на палях, але і сцякала ў раку Крапіўну, вада якой стала крывавай. А. Гваньіні вобразна адзначыў, што рака Крапіўна паміж Оршай і Дуброўнай з-за вялікай колькасці трупаў замарудзіла свой бег. Шмат маскоўцаў падчас уцёкаў патанула ў рацэ. М. Бельскі, улічваючы пагоню за ўцекачамі, распавядае, што бітва цягнулася аж да заходу сонца.  Вершнікі К. Астрожскага працягвалі пераследаванне ажно да васьмі літоўскіх міляў (на 60 кіламетраў). Адны з беларускіх вершнікаў вярнуліся назад апоўначы, іншыя нават назаўтра. 3 сабою яны вялі вялікую колькасць палонных.
I расійскія  гісторыкі гавораць тое ж самае пра заканчэнне Аршанскай бітвы. Так, М.М. Карамзін ў "Истории государства Российского" адзначыў: "Ліцвіны ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над расіянамі: гналі, рэзалі, тапілі іх у Дняпры і Крапіўне; целамі ўсеялі палі паміж Оршай і Дуброўнай"...

            8.   ВЫНІКІ  АРШАНСКАЙ БІТВЫ
Страты бакоў у Аршанскай бітве ў летапісах і хроніках прыводзяцца прыкладна аднолькавыя.  М.М. Карамзін і С.М. Салаўёў прыводзяць лічбу забітых воінаў у маскоўскім войску: 30 тысяч чалавек. Храністы М. Стрыйкоўскі, М. Бельскі і летапісы ўдакладняюць лічбу забітых на полі бою, і тых, хто загінуў ва ўцёках, – 40 тысяч чалавек. Страты маскоўскага войска палоннымі перавышалі 5 тысяч чалавек. У палон трапілі галоўныя ваяводы І.А. Чаляднін і М.І. Булгакаў-Голіца, 8 вярхоўных ваяводаў (што камандавалі аддзеламі па некалькі тысяч чалавек кожны), 37 начальнікаў ніжэйшага рангу, 2 тысячы дзяцей баярскіх (феадальная катэгорыя, блізкая да дваранаў) і больш за 2 тысячы іншых воінаў. 20 тысяч трафейных коней і палова вайсковага абозу былі перададзены пераможцам. Сярод трафеяў былі ўсе маскоўскія сцягі і агнястрэльная зброя. Трыумф князя Канстанціна Астрожскага быў поўны.
Як сведчыць храніст М. Бельскі, страты войска пераможцаў былі невялікія. Загінулі толькі чатыры знатныя паны, а рыцараў каля пяцісот чалавек. Колькасць загінуўшых простага паходжання ён не прыводзіць. Затое, у гэтай бітве было шмат параненых. Раны ў большасці былі сечаныя, ад вытаў шабель.
На наступны дзень святкавалі перамогу. Быў адслужаны праваслаўны малебень у "чэсць святой Троіцы і на хвалу Госпада Бога" і каталіцкі малебень. Падчас урачыстага абеду, на які былі прыведзены палонныя ваяводы, Канстанцін Астрожскі павіншаваў сваіх ваяводаў, ротмістраў і рыцараў з перамогай. Пазней, 3 снежня 1514 г., кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі і Рускі Жыгімон наладзіў у Вільні ўрачысты прыём у гонар гетмана Астрожскага і рыцараў-пераможцаў. Аб перамозе былі пасланыя каралеўскія граматы да манархаў Еўропы. Да некаторых з іх паслалі невялікія групы палонных. Палонныя ваяводы і дзеці баярскія былі разасланыя ў розныя замкі ў Беларусі, а простыя воіны паселеныя ў вялікакняскіх і шляхецкіх маёнтках для выкарыстання на сельскагаспадарчых працах. I. Чаляднін і М. Булгакаў-Голіца знаходзіліся ў вязенні ў сталіцы Беларуска-Літоўскай дзяржавы Вільні. Дзесяткі гадоў заставаліся палонныя ў Вільні і іншых гарадах, цвердзях, гаспадарскіх дварах і воласцях Вялікага княства Літоўскага. Маскоўскі ўрад не цікавіўся сваімі палоннымі суайчыннікамі. Сам Вялікі князь Маскоўскі Васіль Іванавіч заявіў, што для яго "той, хто трапіў у палон, – мёртвы". Іван Андрэевіч Чаляднін памёр у Вільні праз некалькі гадоў. М.І. Булгакаў-Голіца і князь Іван Сямёнавіч Селяхоўскі вярнуліся на радзіму толькі ў 1552 г. падчас панавання цара Івана ІУ. Булгакаў-Голіца памёр праз два гады манахам пад імем Іона.
Пасля Аршанскай бітвы Канстанцін Астрожскі зрабіў у Вільні багатую фундацыю (уклад) царкве Свята-Духаўскага манастыра ў падзяку Богу за дараваную яму перамогу. У памяць гэтай фундацыі была звонку прымацавана мармуровая дошка з надпісам па-беларуску аб фундацыі К. Астрожскага за дараваную яму Богам перамогу "над непрыяцелем і супастатам Праваслаўнай царквы" Вялікім князем Маскоўскім. Каля 1520 г. невядомы мастак, хутчэй за ўсё ўдзельнік бітвы пад Оршай, намаляваў карціну, якая лічыцца першай у батальным жывапісе Усходняй  Еўропы.
Хутка пра Аршанскую бітву стала вядома і ў Заходняй Еўропе. У другой палове 1514 г. быў выдадзены па-нямецку ў Нюрнбергу адмысловы лісток з апісаннем бітвы. У 1515 г. зноў было надрукавана ў Нюрнбергу апісанне Аршанскай бітвы.
Бітву пад Оршай занатавалі ўсе тагачасныя летапісы, у тым ліку маскоўскія і ноўгародскія, а тасама замежныя кронікі. Аршанская бітва 1514 года пакінула глыбокі след у тагачаснай беларускай, украінскай і польскай літаратуры. У Валынскім кароткім летапісе была змешчана "Пахвала князю Астрожскаму" – сапраўдны літаратурны твор. 3 таго часу захавалася беларуская народная песня пра перамогу пад Оршай "Ой, у нядзельку параненька ўзышло сонца хмарненька...", якую цяпер спяваюць беларусія барды...
Бітва 8 верасня 1514 г. мела і дыпламатычныя наступствы. Германскі імператар Максіміліян I пасля бітвы разарваў саюз з Васілём III. Гэты саюз раней прадугледжваў падзел Польшчы і Беларуска-Літоўскай дзяржавы паміж Германскай імперыяй і Маскоўскім вялікім княствам. Аршанская бітва практычна замацавала ўсходнюю мяжу Беларусі, якая існавала да канца ХУІІІ стагоддзя.
Бітва пад Оршай вывучалася ў вайсковых вучэльнях дарэвалюцыйнай Расіі. Як узор баявога майстэрства беларускіх рыцараў, прыклад вайсковага таленту К. Астрожскага і вельмі ўдалай аперацыі яна прыведзена ў Расійскай ваеннай энцыклапедыі (1914г.).
Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. з'яўляецца славутай старонкай беларускай вайсковай гісторыі. Яна ўпісваецца ў агульны шэраг гераічных перамог войска Беларуска-Літоўскай дзяржавы на працягу некалькіх стагоддзяў падчас існавання нашай самастойнай дзяржавы, калі беларускае войска адстойвала незалежнасць нашай краіны. Дата 8 верасня таму і з'яўляецца Днём Беларускай Вайсковай Славы.

Доктар гістарычных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі – А. Грыцкевіч

Отредактировано Cheslav (2007-11-24 21:46:00)

2

Битва, конечно, вызывает интерес.  Однако, почему ее пытаются представить, как "вайсковую славу" Беларуси? Стратегически она не решила: войны с Московией продолжались, в конце-концов, московиты "откусили" значительный кусок ВКЛ. Да и не "беларускае" войско в ней участвовало, а войско ВКЛ, включая польские отряды. Далее, оценки русских потерь рознятся в весьма большом диапазоне: так и неясно, сколько же там погибло, каково по численности было войско ВКЛ.
Похоже, битва эта очень политизирована: для русофобов она--бальзам на раны (хотя, в конечном итоге, ВКЛ проиграло), а для русофилов--повод для раздражения.  Мне кажется, больше на роль "вайсковай славы" подходит Грюнвальдская битва.  Как считаете?

3

Кстати говоря, в тех войнах конца 15-сер. 16 вв. зачастую терпели поражения и войска ВКЛ: например, сокрушительный разгром армии ВКЛ в битве на р. Ведроше (кажись, 1500 г.?), в которой К. Острожский был взят в плен.  Так что ж, эта битва--"вайсковая слава" России?  :)

4

я за то чтобы Днем Воинской Славы стал день Грюнвальдской Победы - 15 июля, поскольку дата 8 сентября, ИМХО, чрезмерно политизирована


Вы здесь » Культура и история Балтийско-Черноморского региона » История » АРШАНСКАЯ БІТВА 1514 ГОДА